Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз ня змог прыняць жорсткай заявы аб магчымых антырасейскіх санкцыях за Сырыю


Уладзімер Пуцін, архіўнае фота

У першы дзень сустрэчы на высокім узроўні ў Брусэлі лідэрам Эўразьвязу не ўдалося дамовіцца пра жорсткую супольную заяву, якая б дала выразны сыгнал Маскве аб магчымасьці ўжываньня да яе санкцыяў за дзеяньні ў Сырыі.

Нягледзячы на магутную рыторыку супраць бамбаваньня Расеяй сырыйскага гораду Алепа, кіраўнікі дзяржаў эўрапейскай супольнасьці толькі абавязаліся «пакінуць адкрытымі» ўсе наяўныя магчымасьці як адказ на зьверствы ў Сырыі з боку Расеі і рэжыму прэзыдэнта Башара аль-Асада.

«Стратэгія Расеі заключаецца ў паслабленьні Эўразьвязу. У нас цьвярозая ацэнкай рэчаіснасьці і ілюзіяў», – сказаў старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск, нагадваючы эўрапейскім лідэрам пра важнасьць мець адзіны падыход у ацэнцы дзеяньняў Расеі.

У той жа час прэмʼер-міністар Італіі Матэа Рэнца, апэлюючы да іншых эўрапейскіх лідэраў, заклікаў выключыць з заявы жорсткую фармулёўку, прапанаваную Францыяй, Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй ды іншымі дзяржавамі ЭЗ, пра «відавочную пагрозу санкцый» у дачыненьні да расейскіх грамадзянаў і арганізацыяў, якія падтрымліваюць сырыйскі рэжым.

«Мы прынялі дакумэнт, які нагадвае пра неабходнасьць атрымаць як мага хутчэй пагадненьне аб рэальным замірэньні і палітычным працэсе пераходнага пэрыяду, які мы чакаем. Але думаю, што няма ніякага сэнсу ў дадаваньні тут таксама спасылкі на санкцыі... Мы павінны зрабіць усё магчымае дзеля мірнага пагадненьня ў Сырыі, але цяжка сабе ўявіць, што гэта павінна быць зьвязана з наступнымі санкцыямі ў дачыненьні да Расеі», – сказаў Рэнца.

У выніку ў канчатковай заяве Эўразьвяз рашуча асуджае напады на цывільнае насельніцтва з боку Расеі і сырыйскага рэжыму, патрабуе пастаяннага спыненьня агню і заяўляе, што ЭЗ гатовы разгледзець «усе даступныя варыянты, калі гэтыя зьверствы будуць працягвацца».
Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд сказаў, што «ўсе варыянты будуць адкрытыя да тых часоў, пакуль ня будзе пагадненьня пра спыненьне агню, якое дзейнічае цяпер, і да таго часу, пакуль існуе намер зьнішчыць горад Алепа – горад пакутнікаў».

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што ЭЗ пакідае «адчыненыя дзьверы для санкцыяў»:

«ЭЗ ня можа прыняць гэтых нечалавечых абстрэлаў», – сказала яна пасьля сустрэчы. — Калі такія парушэньні будуць працягвацца, мы, вядома, прадугледжваем магчымыя захады, каб на гэта рэагаваць. Думаю, была даволі шырокая згода наконт варыянтаў стратэгіі ў дачыненьні да Расеі».

Прэмʼер-міністр Эстоніі Тааві Рыйвас таксама выступаў за жорсткую палітыку ЭЗ у дачыненьні да Масквы і Асада:
«У іх ёсьць амбіцыі ператварыць Алепа ў новы Грозны. Гэта абсалютна непрымальна», – сказаў ён, маючы на ўвазе зьнішчэньне чачэнскай сталіцы ў 1999-2000 гадах расейскімі войскамі.

У час, калі лідэры ЭЗ абмяркоўвалі спосабы адзінага падыходу да ацэнкі дзеяньняў Крамлю ў Сырыі, расейскія вайсковыя караблі пачалі рух Міжземным морам па дарозе ў Сырыю. У NATO заявілі, што гэта можа быць сыгналам аб эскаляцыі канфлікту.

Па зьвестках ААН, толькі за мінулы месяц праз расейска-сырыйскія бамбаваньні ў Алепа загінулі каля 500 чалавек, цэлыя раёны горада сутыкнуліся з сурʼёзным недахопам прадуктаў харчаваньня, і гуманітарныя праблемы могуць працягвацца і далей.

Напярэдадні ў Алепа дзейнічала абвешчаная Расеяй так званая «гуманітарная паўза», каб цывільнае насельніцтва і паўстанцы пры жаданьні маглі пакінуць гэты горад на поўначы Сырыі.

XS
SM
MD
LG