«Раўнаважны курс яшчэ далёка не дасягнуты», — экспэрт

Зьміцер Крук

Чаму падвышэньне афіцыйнага курсу даляра да 15 тысяч не зьняло ажыятаж вакол наяўнай валюты, якая так і не зьявілася ў абменьніках? Пры якім узроўні даляра ягоны курс можа стабілізавацца хаця б на пэўны час? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

— Курс даляра падняўся да 15 тысячаў, але гэта не зьмяніла сытуацыю на наяўным рынку — валюта не зьявілася ў абменьніках. Ці можна сказаць, што нават такі курс не скасаваў дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва, і ўлады вымушаныя будуць далей апускаць беларускі рубель?

— У першую чаргу трэба глядзець на фундамэнтальныя паказчыкі: стан гандлёвага балянсу, дынаміку адтоку капіталу і гэтак далей. Бо калі зыходзіць толькі з дэвальвацыйных чаканьняў насельніцтва, то яны, сапраўды, могуць быць досыць вялікімі, і гэта можа ўплываць на курс у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Але з гледзішча працяглага тэрміну трэба, паўтаруся, глядзець на фундамэнтальныя прычыны ў эканоміцы. Калі зыходзіць зь іх, то, на мой погляд, раўнаважны курс яшчэ далёка не дасягнуты, і гэта галоўны чыньнік таго, што на валютным рынку захоўваецца напружаньне.

— Мне падаецца, што цяперашняя сытуацыя на наяўным валютным рынку адпавядае пэўным тэорыям продажаў — калі людзі бачаць, што цана паступова расьце, то яны імкнуцца набыць гэты тавар. Калі ж цана стабільная ці расьце выбухова — то людзі спыняюць купляць. Можа, уладам варта было б падвысіць курс рэзка і радыкальна?

— Тут я магу з вамі цалкам пагадзіцца. На мой погляд, яшчэ напрыканцы сьнежня трэба было зрабіць свабодныя таргі на біржы, і на працягу тыдня мы б знайшлі б той раўнаважны курс. Сёньняшняя нявызначанасьць спрыяе ваганьням курсу. Таксама яна спрыяе дэвальвацыйным чаканьням насельніцтва, і зараз працуе той эфэкт, пра які вы кажаце, калі людзі лічаць, што курс будзе толькі расьці.

— Яшчэ ранейшае кіраўніцтва Нацбанку заяўляла, што самалёты з валютай на падлёце. Але валюты ў абменьніках дагэтуль няма. Як варта вырашаць гэтую праблему?

— Складанасьці ў тым, што золатавалютныя рэзэрвы дасягнулі крытычнай адзнакі — паводле стану на пачатак студзеня яны складаюць каля 5 мільярдаў даляраў. Апошнія гады ўлады разглядаюць менавіта гэты ўзровень як крытычны. Так што сапраўдная прычына адсутнасьці валюты ў абменьніках — гэта тое, што ўлады ня хочуць ісьці да далейшае скарачэньне гэтых рэзэрваў.