Расейскія інспэктары правяраюць узровень бясьпекі беларускай каўбасы

Шэраг беларускіх мяса-малочных камбінатаў дагэтуль не аднавілі пастаўкі сваёй прадукцыі на расейскі рынак. У гэтай сувязі, як паведамілі у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня, у Беларусь прыбылі адмыслоўцы расейскага ведамства «Росссельхознадзор».

Найперш ладзяцца праверкі мясаперапрацоўчых заводаў, у вырабах якіх расейскія лябаранты выявілі геном вірусу афрыканскай чумы сьвіней. Пры гэтым дзьве брыгады праводзяць аўдыт на прадпрыемствах, а яшчэ адна робіць «кантрольныя закупы» у крамах.

Інспэктары ўжо праверылі Бабруйскі і Менскі мясакамбінаты, цяпер чарга за Магілёўскім і Слуцкім заводамі. Набытая ў крамах каўбасная прадукцыя будзе правераная ў лябараторыі «Росссельхознадзора».

Забарона на пастаўкі больш чым з трох дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў была ўведзеная летась прыканцы лістапада. Прычынай такога рашэньня была названа наяўнасьць у прадукцыі небясьпечных рэчываў, мікробнага забруджваньня і генома вірусу АЧС. Бальшыня заводаў пасьля ліквідацыі недахопаў вярнулася на расейскі рынак, але некаторыя пад падазрэньнем да гэтага часу.