Расіянку Марыю Рымар пакінулі пад арыштам, нягледзячы на хадайніцтва Сьледчага камітэту

Марыя Рымар

13 ліпеня транспартная пракуратура адхіліла хадайніцтва Сьледчага камітэту аб вызваленьні пад заклад ЛГБТ-актывісткі з Самары Марыі Рымар.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», учора Марыю Рымар перавялі ў менскае СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Яна застаецца пад арыштам.

Актывістка з Самары Аксана Беразоўская напісала ў Фэйсбуку:

«Адвакат паведаміў, што справа Марыі знаходзіцца ў пракуратуры, аднак пракуратура да гэтага часу не прадʼявіла Машы абвінавачаньне. Сама Маша знаходзіцца ў СІЗА».

Марыю Рымар затрымалі 7 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» падчас рэгістрацыі на рэйс Менск — Масква. Паводле адваката, ёй не спадабаўся асабісты надгляд, і ў спрэчцы з супрацоўнікамі аэрапорту яна пажартавала, што ў яе сумцы тратыл. На гэтай падставе актывістку затрымалі, абвінавацілі ў «заведама ілжывым паведамленьні пра небясьпеку» і распачалі супраць яе крымінальную справу.