Расейцы прад’явілі Саўчанцы канчатковае абвінавачаньне

Надзея Саўчанка

Сьледчы камітэт Расеі прад’явіў украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы канчатковы варыянт абвінавачаньня.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік ведамства Ўладзімер Маркін.

«Саўчанцы прад’явілі абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынстваў: пасобніцтва ў забойстве дзьвюх і больш асобаў, пасобніцтва ў замаху на забойства дзьвюх і больш асобаў, агульнанебясьпечным спосабам, па матывах палітычнай нянавісьці, учыненае групай асобаў, а таксама незаконнае перасячэньне мяжы Расейскай Фэдэрацыі», — паведамляюць у Сьледчым камітэце Расеі.

У расейскім ведамстве заяўляюць, што сьледзтва мае неабвержныя доказы віны Саўчанкі, у прыватнасьці, нібыта яе «запісы, якія пацьвярджаюць яе дачыненьне да карэкціроўкі агню».

У Сьледчым камітэце Расеі адзначаюць, што бліжэйшым часам матэрыялы крымінальнай справы супраць Саўчанкі прадставяць бакам для азнаямленьня і потым перададуць у суд.

У сьнежні мінулага году Саўчанка абвясьціла галадоўку ў знак пратэсту супраць затрыманьня. 5 сакавіка адвакаты Саўчанкі паведамілі, што яна вырашыла часткова прыпыніць галадоўку, якую трымала больш за 80 дзён. 16 сакавіка яна аднавіла галадоўку.

У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў на Данбасе.

У канцы чэрвеня мінулага году сэпаратысты захапілі яе ў палон, перавезьлі празь мяжу і перадалі расейскім сілавікам. Пасьля гэтага Саўчанку ў Расеі ўзялі пад варту, і зь ліпеня 2014 году яна ўтрымліваецца ў маскоўскім СІЗА. Паводле абароны, украінская лётчыца не магла быць датычная да гібелі журналістаў, бо трапіла ў палон да іх сьмерці.

У канцы студзеня сьледчыя паведамілі Саўчанцы, што яе падазраюць у незаконным перасячэньні мяжы.

22 красавіка міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Надзея Саўчанка можа быць вызвалена па амністыі толькі пасьля суду.