ЗША: Расея позна заявіла пра паўзу ў бамбаваньні Алепа

Алепа. архіўнае фота

Злучаныя Штаты заяўляюць, што Расея «занадта позна» вырашыла прыпыніць бамбаваньне сырыйскага гораду Алепа. Пра гэта сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Марк Тонэр.

Раней расейскі генэрал-лейтэнант Сяргей Рудской паведаміў, што расейскія і сырыйскія вайскоўцы 20 кастрычніка на 8:00 спыняць наступ, каб цывільнае насельніцтва і баевікі змаглі бясьпечна выйсьці з гораду.

У Дзярждэпартамэнце сказалі, што прыпыненьне баявых дзеяньняў «было б добрым рашэньнем», але гэтага «занадта мала, занадта позна». Па словах прадстаўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЗША, мэта расейскіх і сырыйскіх войскаў заключаецца ў тым, каб «зморам выцесьніць апазыцыю і цывільных, якія ўжо знаходзяцца там так доўга».

Сырыйскія апазіцыйныя актывісты заявілі, што ў выніку авіяўдараў ў Алепа і побач з горадам 17 кастрычніка загінулі сама меней 36 чалавек.

Супрацоўнікі гуманітарных арганізацый ААН прасілі пра штотыднёвае 48-гадзіннае спыненьне агню, каб зрабіць магчымай дапамогу жыхарам акружаных ўсходніх раёнаў гораду. Аднак расейскія і сырыйскія сілы толькі ўзмацнілі наступ на кантраляваныя паўстанцамі раёны.