Пакінутая хата і занядбаныя палеткі. Рэпартаж з радзімы Пятра Машэрава

Напамін пра колішні саўгас імя Машэрава

13 лютага спаўняецца 100 гадоў зь дня нараджэньня Пятра Машэрава, партызана Другой сусьветнай вайны і першага сакратара ЦК КПБ, які загінуў у аварыі ў 1980 годзе. Рэпартаж Свабоды зь вёсак, дзе ён нарадзіўся і хадзіў у школу.

Пятро Машэраў нарадзіўся 13 лютага 1918 г. у вёсцы Шыркі на тэрыторыі цяперашняга Сеньненскага раёну, але ягоную памяць старанна ўшаноўваюць у суседніх Машканах.

Пятро Машэраў на XXV зьезьдзе КПСС, 1976 год

Мэмарыяльная шыльда

Усё імя Машэрава

Вёска Машканы сёньня аграгарадок. Тут каля тысячы жыхароў, і мэмарыяльная шыльда на валуне ў цэнтры паселішча заклікана нагадаць местачкоўцам пра славутых землякоў. Іхныя прозьвішчы разьмясьцілі ў алфавітным парадку, Машэраў апынуўся ў самым цэнтры.

Мясцовае сельгаспрадпрыемства і цяпер носіць імя Машэрава

Назвы ў гонар ягонай памяці тут на кожным кроку: на ўезьдзе ў Машканы яшчэ з савецкіх часоў стаіць бэтонны знак, на якім сьцерліся словы «саўгас» і «імя», але засталіся вялікія чырвоныя літары «П.М.Машэрава». Сучаснае сельгаспрадпрыемства таксама носіць ягонае імя. Яно ж — і на адной з цэнтральных вуліц аграгарадка. Нават унівэрмаг у Машканах — «Машэраўскі».

Вуліца імя Машэрава

Мясцовай школе ў 1964 годзе было нададзена імя тутэйшага ўраджэнца, Героя Савецкага Саюзу лётчыка Аляксандра Гараўца, тут таксама ёсьць музэй са згадкамі і пра Пятра Машэрава — партызанскага камандзіра, Героя Савецкага Саюзу і Героя Сацыялістычнай працы, дзяржаўнага дзеяча БССР.

Прамтаварная крама

З тутэйшай школай у Машканах зьвязаная біяграфія Пятра Машэрава, ці ня самай неардынарнай асобы ў шэрагу палітыкаў савецкага часу. На працягу двух гадоў, з 7-й клясы, ён хадзіў сюды вучыцца — за 8 кілямэтраў, з роднай вёскі Шыркі.

Старая школа

Закінуты драўляны будынак старой школы і дагэтуль стаіць на пагорку каля рэчкі Абалянкі. Ён функцыянаваў да пачатку 1970-х. Гэтую школу скончылі некалькі пакаленьняў вучняў з прозьвішчам «Машэра», далёкія ці блізкія сваякі будучага першага сакратара КПБ. Ён сам казаў, што менавіта так гучала прозьвішча ягонага бацькі, але потым да яго далучылі «ў» на расейскі манер.

У 1980-м Пятра Машэрава ня стала, прычым на ягонай радзіме многія дагэтуль ня вераць у выпадковасьць сьмерці ў аўтакатастрофе. Лічаць, што яна была справакаваная, каб беларускі дзяяч ня трапіў у найвышэйшую партыйную намэнклятуру СССР.

Малая радзіма Машэрава

Сын ворага народу, зь нябеднай сям’і

Біяграфія Пятра Машэрава была істотна «падчышчаная» савецкімі гісторыкамі. У даведніках маюцца толькі зьвесткі пра студэнцкія гады ў Віцебску, пра пэрыяд настаўніцтва на Расоншчыне, пра дзейнасьць у якасьці партызанскага камандзіра і камісара-падпольшчыка, а з 1965 году — пра партыйныя пасады і званьні, Героя Савецкага Саюзу і Героя Сацыялістычнай Працы.

Адзіная згадка пра Пятра Машэрава ў Шырках

Хіба што геройскім партызанскім мінулым можна патлумачыць кар’ерны ўзьлёт сына «ворага народу». Мала хто ведае, але бацька будучага палітыка Мірон Васілевіч у 1937 годзе быў рэпрэсаваны і асуджаны да 10 гадоў лягераў «за антысавецкую агітацыю». Паводле пасьведчаньня аб рэабіліацыі, ён загінуў у 1938 годзе ад сардэчнай хваробы.

Сям’я Машэравых лічылася інтэлігентнай і рэлігійнай, у савецкіх біяграфічных даведніках падкрэсьлена: «Паходзіў зь беднай сялянскай сям’і». Гаспадарка бацькоў Пятра Машэрава была досыць заможнай, у хаце была багатая бібліятэка і нават фартэпіяна, у сям’і было прынята адзначаць рэлігійныя сьвяты.

Тут гадавалася васьмёра дзяцей, але змаглі выжыць толькі пяцёра — Надзея, Вольга, Павал, Пятро і Матрона Машэравы. 9 верасьня 1942 году яны засталіся круглымі сіротамі: маці, Дар’ю Пятроўну, фашысты расстралялі за сувязь з партызанамі — за сына Пятра, які ў той час стварыў партызанскі атрад на Расоншчыне. З сакавіка 1943-га ён быў партызанскім камбрыгам.

Надпіс па-расейску: «На гэтым месцы стаяў дом, дзе нарадзіўся і жыў да 1939 году П.М. Машэраў»

Пасьляваенная біяграфія Пятра Машэрава была ўжо ня так цесна зьвязаная з роднымі мясьцінамі. І сёньня ягоная малая радзіма — звычайная закінутая вёска. Тут адна вуліца, і паміж закінутых хат выглядаюць жылымі ўсяго некалькі. Каля адной — сям’я гараджанаў, якая прыехала адведаць вясковую спадчыну.

Палі пазарасталі пустазельлем

Гарадзкія госьці

Нядаўна ў Шырках «адрэзалі вадаправод», і цяпер ваду можна ўзяць толькі ў калодзежы. Каля вёскі ўжо даўно не аруць палі, і яны пазарасталі пустазельлем. Аўтакрама раней прыходзіла тройчы на тыдзень, а цяпер толькі два разы. Людзі кажуць, што дарогу ад сьнегу пачысьцілі да мэмарыяльнага знака ўпершыню за некалькі гадоў, бо мясцовае начальства «прывозіла нейкага карэспандэнта».

Што здарылася з хатай Машэравых у 1939 годзе, прыгадаць ужо няма каму. Гарадзкія «дачнікі» паказваюць на хату па суседзтве: маўляў, спачатку Машэравы жылі практычна на хутары за вёскай, а потым тут. Урэшце сваякі прадалі яе чужым людзям, хата некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі, і цяпер стаіць пустая.

Паводле вяскоўцаў, Машэравы некаторы час жылі ў гэтай хаце

Апошні жыхар

У калісьці вялікіх Шырках сёньня застаўся адзіны сталы жыхар, 67-гадовы Анатоль Глебчанка. Ён таксама тутэйшы ўраджэнец і бачыў Пятра Машэрава.

Анатоль Глебчанка

«Ён прыяжджаў сюды некалькі разоў. Паглядзіць на кожнага і пазнае, дзе чыя радня. Ты, кажа, Ягораў сын... Я зь ім таксама на машыне катаўся. А яшчэ, бывала, ён на верталёце прылятаў. З аховай. Пра тое, што яго забілі, мы даведаліся раней, чым па тэлевізары сказалі — патэлефанаваў нехта з радні. Яго ж знарок забілі! Падстроілі аварыю, каб забіць. А яго людзі любілі. Толькі вось ні помніка не паставілі, нічога. Неўзабаве наша вёска загіне і памяці зусім не застанецца», — на вачах у спадара Анатоля блішчаць сьлёзы.

Родная вёска Машэрава

Пяшчаныя буры, карузьлік зь вялікай галавой, асуджаныя хутары. Чым адзначылася эпоха Машэрава