Грамадзкае абʼяднаньне «Разуменьне», якое займаецца абаронай правоў дзяцей, пацярпелых ад сэксуальнага гвалту, а таксама арганізацыя праўнай дапамогі вязьням «Рэгіён 119» накіравалі ў пракуратуру Беларусі звароты з заклікам апратэставаць прысуд Вячаславу Давыдовічу, які сёньня быў вынесены яму Менскім гарадзкім судом. Гэтак, у «Разуменьні» мяркуюць, што прысуд былому старшыню арганізацыі «У дапамогу дзецям-сіротам» занадта мяккі, і просяць ізноў расьсьледаваць дзеяньні Вячаслава Давыдовіча.
«Мы глыбока перакананыя, што прызнаньне абвінавачанага Давыдовіча вінаватым паводле артыкулу 168 Крымінальнага кодэксу ня ёсьць дастатковым прызнаньнем сацыяльнай небясьпечнасьці ягоных дзеяньняў. Ацэнка судом недаказанасьці злачынных дзеяньняў, прадугледжаных артыкуламі 166 і 167, як мы мяркуем, можа сьведчыць аб недастаткова дакладным аналізе доказаў, сабраных апэратыўнымі супрацоўнікамі МУС і сьледчымі Сьледчага камітэту», — сказана ў звароце арганізацыі «Разуменьне» ў Генэральную пракуратуру.
28 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе быў агалошаны прысуд Вячаславу Давыдовічу, якога амаль цягам году судзілі ў закрытым судзе паводле абвінавачаньня ў сэрыі згвалтаваньняў непаўналетніх, што падпадае пад артыкулы 166 і 167 Крымінальнага кодэксу. У выніку былога кіраўніка арганізацыі «Ў дапамогу дзецям-сіротам» Давыдовіча прызналі вінаватым паводле мякчэйшага 168-га артыкулу, які карае за полавы акт зь непаўналетнімі, а вось абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце зь яго былі зьнятыя.
Адзін з падпісантаў ліста ў пракуратуру, актывіст «Разуменьня» Андрэй Маханько, лічыць, што зьмякчэньне прысуду было зроблена на загад тых людзей «наверсе», хто, паводле яго, баіцца агалошваньня ўсіх імёнаў удзельнікаў гвалту над малалеткамі.
«Што мяне абурае больш за ўсё? Найперш — што з абвінавачаньня выключылі цяжкія артыкулы 166 і 167. У іх санкцыя да 15 гадоў пазбаўленьня волі. А на якой падставе пракурор іх выключыў з абвінавачаньня, невядома. Гэта вельмі падазрона. Тое, што пракурор патлумачыў, нібыта віна не была даказаная, — не пераконвае. Мы размаўлялі і з апэратыўнікамі, і са сьледчымі, і з экспэртамі. Усе казалі і кляліся, што сабралі доказаў больш чым дастаткова. А цяпер пракурор кажа — „віна не даказаная“. Што, вынікі экспэртызаў аказаліся несапраўднымі? Ці можа пацярпелыя адмовіліся ад сваіх паказаньняў? Але пракурор пра гэта не сказаў. Дык чаму віна не даказаная?
Другое, што мяне абурае: замест падсумаваньня тэрмінаў пакараньняў за розныя злачынствы ў прысудзе Давыдовічу зроблена паглынаньне тэрмінаў
Другое, што мяне абурае: замест падсумаваньня тэрмінаў пакараньняў за розныя злачынствы ў прысудзе Давыдовічу зроблена паглынаньне тэрмінаў. У выніку ён мае не 7 гадоў, а толькі 5. А калі ўлічыць, што ён ужо больш за 3 гады адбывае пакараньне паводле прысуду за эканамічнае злачынства, дык на волю выйдзе праз год і 8 месяцаў. І што, нам на волі патрэбны яшчэ адзін чалавек, які робіць злачынствы сэрыйна? Бо гэта толькі адвакат сказаў пра 8-10 эпізодаў, а па нашых зьвестках іх было значна больш», — мяркуе Андрэй Маханько з арганізацыі дапамогі пацярпелым ад сэксуальнага гвалту дзецям «Разуменьне».
Андрэй Маханько прысутнічаў на абвяшчэньні прысуду Вячаславу Давыдовічу і таксама адзначыў, што у суд не зьявіліся пацярпелыя ці іхныя сваякі. Ці ня сьведчыць гэта пра невінаватасьць Давыдовіча ў сэрыйных згвалтаваньнях малалетак?
«Не, гэта сьведчыць пра іншае. Пацярпелыя прыйшлі б, але яны мусяць хаваць свае твары, бо ў нас неталерантнае, нецярпімае грамадзтва, і гэтыя людзі баяцца, што ў іх узьнікне яшчэ больш праблемаў», — мяркуе актывіст «Разуменьня» Андрэй Маханько.
Паводле зьвестак, якія раней патраплялі ў мэдыя, у справе Вячаслава Давыдовіча фігуравалі сотні эпізодаў пра згвалтаваных падлеткаў, а абвінавачаны нібыта надаваў загарадны дом для гэтых незаконных дзеяньняў.
«Што вы, у справе фігуравала 8-10 эпізодаў», — сказала журналістам пасьля суду адвакатка Давыдовіча Кацярына Шакун.