Прэзыдэнт Гамбіі прайграў на выбарах і заклікаў да паўторных выбараў

Яг'я Джамэ ў час прэс-канфэрэнцыі 2 сьнежня, на якой прызнаў паразу

На вуліцах сталіцы Гамбіі пакуль спакойна, хоць вайскоўцы раскладваюць мяхі зь пяском каля стратэгічных аб’ектаў. Калі цяперашняя зьмена прэзыдэнта пройдзе без сутыкненьняў, гэта стане першай мірнай і дэмакратычнай зьменай улады з 1965 году.

Яг'я Джамэ, які кіруе Гамбіяй ужо 22 гады, адмовіўся прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх пацярпеў паразу, перадае BBC.

Апазыцыянэр з Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Адама Бэраў атрымаў на выбарах, што прайшлі 1 сьнежня, больш за 43% галасоў, Джамэ — толькі 39,6%. У гэтай сувязі Джамэ заявіў пра «анамаліі» ў галасаваньні і заклікаў зладзіць перавыбары. Выбарчая камісія краіны сапраўды зафіксавала некарэктны падлік галасоў у адным з раёнаў краіны, але заявіла, што гэта толькі скараціла разрыў між кандыдатамі з 9% да 4%.

Бэраў адмовіўся ад перавыбараў і абвінаваціў Джамэ ў шкодзе дэмакратыі. Кіраўнік войска Гамбіі заявіў пра сваю вернасьць новаабранаму прэзыдэнту. Міністар замежных спраў суседняга Сэнэгалу асудзіў выказваньні Джамэ, а ўрад Сэнэгалу заклікаў да тэрміновай сустрэчы Рады бясьпекі ААН. З асуджэньнем выказваньняў Джамэ выступілі таксама ЗША. Арганізацыя Human Rights Watch заклікала да пратэсту супраць «абвяржэньня волі народу», да выбараў яна абвінавачвала Джамэ ва ўжываньні гвалту супраць ягоных крытыкаў.

Жыхары Гамбіі адзначаюць перамогу Бэраў на выбарах

Гамбія — самая малая краіна кантынэнтальнай Афрыкі з насельніцтвам каля 1,9 млн чалавек. Яна адна з найгоршых у сьвеце паводле індэксу чалавечага разьвіцьця — 175 месца са 188 паводле зьвестак на 2015 год. Каля траціны насельніцтва жыве па-за мяжой беднасьці.

51-гадовы Яг’я Джамі займаў прэзыдэнцкую пасаду ад 1994 году. Ён прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту і зьвяржэньня прэзыдэнта Даўда Кайраба Джавара, які кіраваў краінай ад 1965 году, з часоў атрыманьня незалежнасьці ад Вялікай Брытаніі.

Паводле зьвестак AFP, на вуліцах сталіцы Гамбіі Банжула пакуль спакойна, хоць вайскоўцы раскладваюць мяхі зь пяском каля стратэгічных аб’ектаў. Калі цяперашняя зьмена прэзыдэнта пройдзе без сутыкненьняў, гэта стане першай мірнай, законнай і дэмакратычнай зьменай улады ў гісторыі краіны.