«Усходнія раёны Беларусі — гэта адно зь месцаў, дзе пачынаўся Галакост», — у Менску прэзэнтавалі кнігу амэрыканскага гісторыка

У Менску ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэзэнтацыя кнігі амэрыканскага гісторыка Анікі Вальке «Піянэры і партызаны. Вусная гісторыя нацысцкага генацыду ў Беларусі».

На прэзэнтацыі, якая была арганізаваная пры дапамозе амэрыканскай амбасады, прысутнічаў павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Робэрт Райлі.

«Гэта вельмі важная кніга, бо ў ёй распавядаецца, як Галакост разгортваўся на тэрыторыі Савецкага Саюзу і як савецкія грамадзяне на гэта рэагавалі. Кніга складзеная на падставе індывідуальных вусных гісторыяў людзей, якія перажылі гэтыя падзеі. Мы жывем у той час, калі ёсьць спробы перапісаць мінулае і прадставіць яго ў значна больш пазытыўным сьвятле. Але мы разумеем, што нельга забыць таго, што адбывалася. Дзякуючы такім кнігам сьвет гэта ніколі не забудзе», — сказаў ён.

Робэрт Райлі

Працуючы над кнігай, Аніка Вальке гутарыла са сьведкамі генацыду (большасьць зь іх нарадзіліся і вырасьлі ў Беларусі), а таксама зьбірала дакумэнты ў архівах Нямеччыны, Беларусі, Расеі і Ізраілю.

«Вядома, вайна закранула ўсіх. Гінулі беларусы, расейцы і ў цэлым савецкія грамадзяне. Уся краіна пакутавала ад нямецкага пляну перафармаваньня Эўропы. Нацысцкая ўтопія грунтавалася на ідэі, што арыйская раса мае права на жыцьцё і жыцьцёвую прастору, а іншыя або існуюць як рабы, або не існуюць зусім. У вайну гінулі ўсе. Але толькі габрэяў забівалі выключна за іх паходжаньне. Я факусую ўвагу ў сваёй кнізе на тым, як беларускія габрэі выжывалі ў 1941–1944 гадах», — кажа гісторык.

Аніка Вальке

Аніка Вальке прызнае, што часам палітыка нямецкіх уладаў сустракала падтрымку часткі насельніцтва з прычыны антысэмітызму, распаўсюджанага сярод савецкага насельніцтва. Гэта яшчэ больш ускладняла лёс габрэяў на акупаваных тэрыторыях.

«Былі моманты, калі аднаклясьнікі, суседзі або проста незнаёмыя людзі дапамагалі габрэям. Але былі і выпадкі, калі габрэям адмаўлялі ў дапамозе. На жаль, пасьля вайны было шырока распаўсюджана меркаваньне, што габрэі не ваявалі, што яны не супраціўляліся, што яны пасіўна сядзелі ў эвакуацыі і чакалі, калі Савецкая армія вызваліць краіну. Гэты міт несправядлівы. І менавіта таму я займаюся гэтай тэмай», — сказала яна.

Асаблівую ўвагу ў сваім дасьледаваньні Аніка Вальке аддае падзеям ва ўсходніх раёнах Беларусі, бо менавіта там пачынаўся генацыд габрэяў:

«Заходняя частка Беларусі была пад цывільнай адміністрацыяй, а ўсходнія раёны кіраваліся вайсковай адміністрацыяй. У гэтай зоне на працягу ўсёй акупацыі ішлі ваенныя дзеяньні. І менавіта там пачынаўся генацыд: зьнішчэньне як бы ішло з усходу на захад. Першыя масавыя акцыі па зьнішчэньні габрэяў адбыліся на ўсходзе. Фактычна ўсходнія раёны Беларусі — гэта адно зь месцаў, дзе пачынаўся Галакост. Толькі пасьля таго, як пачалі забіваць савецкіх габрэяў, пачалі зьнішчаць людзей у Аўшвіцы і іншых лягерах. Восеньню 1941 году толькі пачалі будаваць газавыя камэры ў Аўшвіцы, а савецкіх габрэяў, якія трапілі пад нямецкую акупацыю, тады ўжо забівалі».

Аніка Вальке ў сваёй кнізе падрабязна разглядае такую зьяву, як сямейныя габрэйскія партызанскія атрады, якія фармаваліся ў асноўным з тых, хто паўцякаў з габрэйскіх гета, і куды прымалі ўсіх, незалежна ад полу і ўзросту.

Аніка Вальке падкрэсьлівае, што партызанскі рух у СССР зьявіўся амаль адразу пасьля пачатку вайны, але спачатку ён быў закрыты для цывільнага насельніцтва. «У асноўнымі там былі вайскоўцы з разьбітых частак, актывісты партыі і камсамольцы. Толькі ў верасьні 1942 году зьявіўся загад прымаць у атрады ўсіх баяздольных, у тым ліку жанчын. А партызанскія атрады былі тады адзінай магчымасьцю выжыць», — кажа яна.

Кніга «Піянэры і партызаны. Вусная гісторыя нацысцкага генацыду ў Беларусі» выйшла ў 2015 годзе ў ЗША. Некалькі асобнікаў былі перададзеныя сёньня Нацыянальнай бібліятэцы.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі

На дадзены момант існуе толькі англамоўная вэрсія кнігі, хоць сама аўтарка заявіла на прэзэнтацыі, што вельмі б хацела, каб яе праца была перакладзеная на расейскую і беларускую мовы.