Дэкарацыя ці паўнавартасны парлямэнт? 5 паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў, якімі яна не карыстаецца

Выбары, якія праходзяць 11 верасьня ў Беларусі, афіцыйна называюцца парлямэнцкімі. Аднак многія экспэрты лічаць, што Палата прадстаўнікоў ужо даўно перастала прымаць лёсавызначальныя для краіны рашэньні. Мабыць, нездарма часам можна пачуць пра Палату абразьлівае «палатка».

Функцыі і паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў моцна абмежаваныя. Але нават у такіх умовах яе сябры маглі б згодна зь дзейнай Канстытуцыяй і законамі:

1. Вынесьці імпічмэнт прэзыдэнту. Выставіць большасьцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў абвінавачаньне супраць прэзыдэнта ва ўчыненьні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства; на падставе адпаведнага рашэньня Савет Рэспублікі прымае большасьцю ня менш як дзьве траціны галасоў ад поўнага складу рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады.

2. Адправіць у адстаўку ўрад. Паўторнае адхіленьне праграмы ўраду Палатай прадстаўнікоў азначае, што ўраду выказаны вотум недаверу.

3. Унесьці зьмены ў Канстытуцыю. Закон дазваляе разглядаць на прапанову прэзыдэнта або з ініцыятывы ня менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, праекты законаў аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Канстытуцыю, аб тлумачэньні Канстытуцыі.

4. Рыхтаваць законы ўласнымі сіламі. Дэпутаты, якія сыходзяць цяпер з Палаты пятага скліканьня, скарысталіся сваім правам на заканадаўчую ініцыятыву ўсяго тры разы. І гэта за чатыры гады «працы». Усе астатнія законапраекты (а гэта каля 300) прыходзілі на зацьвярджэньне альбо з Савету Міністраў, альбо з прэзыдэнцкай Адміністрацыі.

5. Учыніць «бунт на караблі». Закон дазваляе дэпутатам адмяняць распараджэньні старшыні Палаты прадстаўнікоў.

А што пагражае дэпутатам Палаты прадстаўнікоў? Іх паўнамоцтвы могуць быць датэрмінова спыненыя:

1. Пры выказваньні вотуму недаверу ўраду або двухразовай адмове даць згоду на прызначэньне прэмʼер-міністра.

2. На падставе заключэньня Канстытуцыйнага суду ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыі.

Мечыслаў Грыб, які пасьля Станіслава Шушкевіча кіраваў сапраўдным парлямэнтам — Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня, перакананы:

Мечыслаў Грыб

«Пасьля так званага рэфэрэндуму 1996 году парлямэнту ў Беларусі як такога няма. Дэ-юрэ ён нібыта існуе. Але дэ-факта яго няма. Ён не прымае ніякіх лёсавызначальных законаў.

Вось два апошнія прыклады. Абмяркоўваецца пытаньне аб павышэньні пэнсійнага ўзросту. У выніку рашэньне прымаецца без дэпутатаў — указам прэзыдэнта. Або абмяркоўваюць сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны на пяцігодку. І за кім апошняе слова? Не за дэпутатамі, а за дэлегатамі Ўсебеларускага народнага сходу, які ня мае ніякага статусу. Дык хіба ж гэта парлямэнт?!»

«У Вярхоўным Савеце законапраекты ў асноўным распрацоўвалі самі дэпутаты: з уласнай ініцыятывы, у камісіях, фракцыях, — працягвае Мечыслаў Грыб. — Законапраектаў было шмат: некаторыя неактуальныя, бо хтосьці напачатку хацеў засьвяціцца, прапіярыцца. Таму было прынята рашэньне аб эканамічным абгрунтаваньні кожнага законапраекту. Мэханізм быў такі — урад даваў заключэньне аб карыснасьці праекту і называў лічбу, у якую ён прыкладна абыдзецца дзяржаве. За пяць гадоў сваёй працы мы прынялі каля 440 распрацаваных намі законаў.

Гэта і Канстытуцыя, якая распрацоўвалася дэпутатамі чатыры гады. Гэта і законы аб абароне, Узброеных сілах, міліцыі, сацыяльна-эканамічным становішчы і мноства іншых з сэрыі лёсавызначальных».

Спадар Грыб кажа, што яму часта задаюць пытаньне — чаму людзі ідуць у дэпутаты? «Па-першае, гэта крок наверх у структуры ўлады. Па-другое, яны набываюць блізкія сувязі з профільнымі для парлямэнцкіх камісіяў міністэрствамі і ведамствамі. Там адчыняюцца новыя дзьверы, увайшоўшы ў якія, можна атрымаць пратэкцыю, знайсьці сабе на будучыню новую пасаду, адкрыць новы бізнэс. А пасьля чатырох гадоў галасаваньня „за“ пры дасягненьні пэнсійнага ўзросту яны атрымліваюць права на грашовае ўтрыманьне, якое значна вышэйшае за сярэднюю пэнсію».