Расея цікавіцца, адкуль узялася беларуская папая

Рассельгаснагляд зьвярнуўся ў беларускае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня з просьбай патлумачыць паходжаньне некаторых тавараў, якія пастаўляюцца ў Расею.

Пра гэта паведамляецца на сайце ведамства.

Рассельгаснагляд адзначае, што ў 2015 годзе аб’ёмы паставак зь Беларусі папаі, салаты-латук, цытрусавых, бахчавых, яблыкаў, груш, абрыкосаў, вішні, чарэшні і іншай плодаагародніннай прадукцыі беларускага паходжаньня павялічыліся больш як удвая.

Паводле Рассельгаснагляду, пастаўкі «вырабленай» у Беларусі гародніны, ягад і садавіны вядуцца ў «нехарактэрны пэрыяд высьпявання». У прыватнасці, ведамства вылучае прамаркіраваныя як беларускія — клубніцы, ажыну і маліну, якія «па марфалягічных і сэзонных прыкметах маюць статус паходжаньня з трэціх краін».

Рассельгаснагляд патрабуе ад Менску даць інфармацыю пра беларускіх вытворцаў, аб’ёмы вытворчасьці, экспарту і ўнутранага спажываньня.

Ведамства адзначае, што са сьнежня 2014 году беларускі бок «ніяк не рэагуе на шматлікія звароты Рассельгаснагляду».