Новая эканамічная рэальнасьць — рэцэсія. Гэта надоўга

Беларуская эканоміка патрапіла ў рэцэсію — за 5 сёлетніх месяцаў ВУП зьнізіўся на 3 працэнты ў параўнаньні зь мінулым годам. Што гэта азначае для дабрабыту беларусаў, для беларускай прамысловасьці і сацыяльнай сфэры? Колькі часу можа працягнуцца падзеньне і да якіх наступстваў прывядзе? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Зьміцер Крук і Барыс Жаліба.

Your browser doesn’t support HTML5

Поўны запіс перадачы

Цыганкоў: Беларуская эканоміка ўпала ў рэцэсію. За 5 месяцаў ВУП зьнізіўся на 3 працэнты ў параўнаньні зь мінулым годам. Традыцыйна звычайнага беларуса больш турбаваў курс рубля, заробак, інфляцыя, а ВУП, магчыма, застаецца для большасьці нейкай абстрактнай лічбай. Што азначае эканамічная рэцэсія для дабрабыту беларусаў, для беларускай прамысловасьці і сацыяльнай сфэры?

Барыс Жаліба

Жаліба: Часткова я магу з вамі пагадзіцца. Напрыклад, у 2011 годзе, калі быў валютны крызіс, — ВУП вырас на 5,3 працэнта. А народ катастрафічна зьбяднеў. І тое, што вырас ВУП, большасьць зусім не абрадавала. Бо падзеньне курсу і заробкаў для людзей было важнейшым.

Зараз маем падзеньне ВУП на 3,6 за пяць месяцаў. Але разам з тым бачым падзеньне рэальных даходаў на тры працэнты, скарачэньні на прадпрыемствах. Падзеньне ВУП адбываецца ужо ня меней як два дварталы, і паводле ўсіх стандартаў гэта ўжо можна называць рэцэсіяй. Адміністратыўныя рычагі, якія раней уключала кіраўніцтва Беларусі, сёньня ўжо ня дзейнічаюць. Калі ВУП падае, кіраўніцтва ўжо ня ў стане падвышаць даходы.

Зьміцер Крук

Крук: Рэцэсія, сапраўды, перш за ўсё будзе адбівацца на даходах насельніцтва, і большасьць ужо адчула гэта на сябе. Заробкі скраціліся за апошнія паўгода, і гэта будзе працягвацца. Рэцэсія па ўсіх прагнозах закране 2015-16 год, — у лепшым выпадку мы выйдзем у 2016-м на вельмі слабы рост. Новая праблема — гэта рост беспрацоўя, улічваючы, што афіцыйная статыстыка не адпавядае рэальным дадзеным. А праблемы мінулых гадоў — хістаньне курсу даляру — адыдуць на другі плян.

Цыганкоў: Рэцэсія — гэта нешта незвычайнае для беларускай эканомікі. Тэмпы росту былі розныя, але апошнія мінімум гадоў 10 рост быў заўсёды. Наколькі кіраўніцтва Беларусі і ўсё грамадзтва гатовыя да падзеньня эканомікі? І на вашу думку, як доўга гэта працягнецца?

Крук: Пасьля заканчэньня рэцэсіі мы можам казаць пра даволі працяглую стагнацыю, адсутнасьць росту. Сапраўднага якаснага росту даволі доўга ня будзе. Што да гатоўнасьці, то кіраўніцтва краіны ўсьведамляе, што сытуацыя зьмянілася, і бачым нейкія прымальныя крокі ў эканамічнай палітыцы. Што да насельніцтва, то яно яшчэ не ўсьвядоміла, дзе мы знаходзімся.

Цыганкоў: А якія крокі робіць кіраўніцтва, якія вы лічыце прымальнымі?

Крук: Найперш гэта зьмены у палітыцы Нацбанку. Можна спрачацца, што іх мала — але гэта, безумоўна, лепш, чым было раней. Другое — скарачэньне дзяржаўнай падтрымкі — прамысловасьці, сельскай гаспадаркі. Але зьмены ў саміх прынцыпах падтрымкі не адбыліся, таму назваць гэта структурнымі рэформамі я асабіста не магу. Нейкія крокі ёсьць, але яны не радыкальныя, і відавочна, гэта менш, чым патрэбна.

Жаліба: Гэтая рэцэцсія — зьява не аднаго году. Бо цяпер працуюць і зьнешнія і ўнутраныя чыньнікі. Наша эканоміка вельмі залежыць ад эканомікі Расеі. Расейскі ВУП ад пачатку году зьнііўся на 2,3 працэнта, перапрацоўная прамысловасьць — на 8 працэнтаў. Па сутнасьці расейскі рынак перастаў купляць беларускую прадукцыю. Крызіс у Расеі рукатворны, ён выкліканы палітыкай расейскага кіраўніцтва, анэксіяй Крыма, падзеямі ў Данбасе. Захад уводзіць санкцыі, упалі цэны на нафту, Расея згубіла ўжо летась 200 мільярдаў даляраў экспартнай выручкі. І дзе канец, дзе тое дно? — няма адказу на гэтае пытаньне.

Што сказаць людзям? Лукашэнка кажа: трымайцеся за працоўныя месцы. Міністар працы заяўляе: «круціцеся, як можаце, працуйце на некалькіх работах». Ім больш няма нічога іншага скзаць народу. Падзеньне ВУП, скарачэньні на прадпрыемтсвах у гэтым годзе працягнуцца. Гэта я гарантую.