Лясны пажар ахапіў 1100 гектараў украінскай часткі Чарнобыльскай зоны. Тушэньню перашкаджаюць міны

Лясны пажар у Чарнобыльскай зоне адчужэньня, архіўнае фота

У Чарнобыльскай зоне ва Ўкраіне гараць лясы, агонь імкліва пашыраецца, гэта нясе таксама рызыку распаўсюджваньня радыяактыўнага пылу, у тым ліку для Беларусі, да якой ад месца пажару 7 кілямэтраў.

Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, празь вецер і засуху агонь у чарнобыльскай зоне адчужэньня імкліва пашыраецца. Пажар ужо ахапіў 1100 гектараў лесу. Ратаўнікі і пажарнікі працуюць ува ўзмоцненым рэжыме.

Але трапіць на некаторыя дзялянкі лесу немагчыма, бо яны замінаваныя, паведаміла Дзяржаўная служба назвычайных сытуацыяў Украіны:

«У некаторых лясных масівах працы часова не праводзяцца з прычыны пагрозы ад выбуховых прадметаў».

Ад МНС Беларусі інфармацыі пра пагрозу перакіданьня пажараў з тэрыторыі Украіны няма.

У беларускім Міністэрстве лясной гаспадаркі заявілі, што сытуацыя пад кантролем:

«Афіцыйна заяўляем: на тэрыторыі Беларусі агню няма. Пагрозы пакуль таксама няма. Да мяжы з нашай краінай — 7 кілямэтраў. Мінлясгас уважліва сочыць за становішчам у суседняй дзяржаве», — адзначылі ў ведамстве.

Чым небясьпечныя лясныя пажары ў Чарнобыльскай зоне

  • Чарнобыльская зона адчужэньня — гэта радыяцыйна забруджаная тэрыторыя, дзе прыродныя пажары нясуць падвойную небясьпеку.
  • Пры гарэньні зь ляснога подсьцілу і глебы вызваляюцца радыяактыўныя часьцінкі, назапашаныя тут у выніку катастрофы 1986 году.
  • Усякае маштабнае загараньне аўтаматычна падвышае рызыку распаўсюджваньня радыяактыўнага пылу.
  • Вецер як галоўны фактар распаўсюджваньня агню адначасова можа разносіць забруджанае паветра на суседнія рэгіёны, у тым ліку Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Фактычна гэта яшчэ адно ваеннае злачынства». Як расейскае ўварваньне пагражае бясьпецы Чарнобыльскай і Запароскай АЭС

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У чарнобыльскай зоне 10 дзён ня могуць патушыць пажар. Агонь зьнішчыў 12 адселеных вёсак