Скелетаніст алімпійскай зборнай Украіны Ўладзіслаў Гераскевіч паведаміў, што Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў яму карыстацца шлемам з фотаздымкамі загінулых украінскіх спартсмэнаў, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Пра гэта Гераскевіч заявіў у сваіх сацыяльных сетках вечарам 9 лютага.
«Рашэньне, якое проста разрывае сэрца. Адчуваньне, што МАК здраджвае тым спартсмэнам, якія былі часткай алімпійскага руху, не даючы нам магчымасьці ўшанаваць іх на спартыўнай арэне, куды гэтыя спартсмэны больш ніколі ня змогуць выйсьці», — пракамэнтаваў ён.
Гераскевіч удакладніў, што пра «крытычную забарону» на нашэньне гэтага шлема падчас афіцыйных трэніровак і спаборніцтваў яму паведаміў прадстаўнік МАК Тошыа Цурунага. Пры гэтым ён адзначыў, што італьянскі сноўбардыст раней выступаў у шлеме, на якім, сярод іншага, быў намаляваны расейскі сьцяг.
«Мы рыхтуем афіцыйны запыт у МАК і будзем змагацца за права спаборнічаць менавіта ў гэтым шлеме», — дадаў Гераскевіч.
Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль публічна не камэнтаваў сытуацыю. Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падтрымаў рашэньне Гераскевіча ўшанаваць спартсмэнаў, якія загінулі падчас расейскай агрэсіі:
«На яго шлеме — партрэты нашых спартсмэнаў, якіх забівала Расея. Фігурыст Дзьмітрый Шарпар, які загінуў у баях пад Бахмутам, 19-гадовы біятляніст Яўген Малышаў, якога забілі акупанты пад Харкавам, і іншыя нашы спартсмэны, якія загінулі ў расейскай вайне».
Прэзыдэнт Украіны выказаў меркаваньне, што праўда пра наступствы расейскай агрэсіі «ня можа быць нязручнай, недарэчнай або называцца «палітычнай акцыяй на спартыўным спаборніцтве». Гераскевіч выступаў і на Алімпійскіх гульнях 2022 года. Затым, пасьля выступу 11 лютага, незадоўга да пачатку паўнамаштабнай расейскай агрэсіі, ён разгарнуў перад камэрамі плякат «Не вайне ва Ўкраіне».
Пасьля 24 лютага ён выступаў за байкот расейскіх і беларускіх спартсмэнаў на ўсіх міжнародных спаборніцтвах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве беларускі ўжо выступілі на Алімпіядзе. Калі чакаць спаборніцтвы астатніх