Больш за 300 бесьпілётнікаў у ноч на суботу 25 ліпеня атакавалі Екацерынбург, Саратаў, Растоў-на-Доне, Белгарад і анэксаваны Крым.
У Екацерынбургу ўдар быў нанесены па складу кампаніі Wildberries. Загарэліся машыны побач зь ім.
У кампаніі Wildberries заявілі, што супрацоўнікі былі эвакуяваныя, а сам склад не пацярпеў. Аб гэтым жа заявілі і мясцовыя ўлады.
Пачынаючы з 18 ліпеня, калі ў выніку ўдару дронаў цалкам згарэў буйны склад Wildberries у Электрасталі пад Масквою, УСУ пасьпяхова атакавалі 10 цэнтраў кампаніі, яшчэ ў двух выпадках дроны не дасягнулі цэлі або ўпалі побач са складамі.
На Цюменскім НПЗ пасьля атакі бесьпілётнікаў пачаўся пажар. Украінскія маніторынгавыя каналы публікуюць відэа пажару на Цюменскім НПЗ. Факт атакі дронаў пацьвердзіў губэрнатар Цюменскай вобласьці Аляксандар Моор, які напісаўпра пажар на НПЗ. З-за атакі на НПЗ у Цюмені перарвалі сьвята 440-годзьдзя гораду, пішуць мясцовыя СМІ.
Улады Растоўскай вобласьці Расеі паведамілі аб масавым налёце дронаў на Растоў-на-Доне.
У горадзе Энгельс Саратаўскай вобласьці, па дадзеных маніторынгых каналаў, пасьля ўдару дронаў узьнік маштабны пажар.
Па дадзеных Astra, дрон трапіў на тэрыторыю вайсковай часткі непадалёк ад аэрадрома Энгельс-2, дзе заснавана стратэгічная авіяцыя, якая стала атакуе Ўкраіну. Аб ударах па самому аэрадрому пры гэтым не паведамлялася.
Дроны таксама атакавалі Белгародзкую вобласьць Расеі. Часова выконваючы абавязкі кіраўнік рэгіёну Аляксандр Шуваеў паведаміў, што ў выніку атакі ёсьць пацярпелыя, на вуліцах «ёсьць пашкоджаньні і ўзгараньні».
Ранейшыя атакі на склады Wildberries
18 ліпеня ўкраінскія дроны ўжо атакавалі склады гандлёвай плятформы Wildberries у Маскоўскай і Тамбоўскай вобласьцях Расеі. Паводле зьвестак Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны, у Падмаскоўі ўзьнік пажар на плошчы 188 тыс. кв. м.
Раней пасьля атакі бесьпілётнікаў загарэліся іншыя лягістычныя цэнтры гандлёвай пляцоўкі Wildberries — у Краснадары і Нявіннамыску Стаўрапольскага краю, у Леніградзкай вобласьці Расеі і іншых рэгіёнах.
Пасьля пажару на складзе ў Электрасталі пад Масквой, Расея
Зяленскі раней патлумачыў удары
Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што «22 ліпеня далёкабойныя санкцыі Ўкраіны пасьпяхова паразілі важныя цэлі ў Краснадарскім і Стаўрапольскім краях — лягістычныя цэнтры, якія займаюцца забесьпячэньнем расейскай арміі кампанэнтамі бесьпілётнікаў, навігацыйным абсталяваньнем і тэхнікай, а таксама чарговыя нафтабазы».
«Мы справядліва вяртаем вайну дадому — у Расею. Патрэбен мір, і Ўкраіна дала расейскаму боку ўсе прапановы. Мы павінны прымусіць яго зьвярнуцца да дыпляматыі».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што вайну трэба завяршаць, і гэта магчыма толькі праз узмацненьне ціску на адзіную прычыну гэтай вайны — Расею.
У Расеі распачалі справу аб тэрарыстычным акце.
- Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
- Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
- Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.