Рэкордны штраф за фрыланс

Натальля Крывашэй

9-мільённым штрафам пакараная журналістка-фрылансэр з Гомеля Натальля Крывашэй.

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка 10 чэрвеня пакарала мясцовую журналістку-фрылансэра Натальлю Крывашэй максымальна магчымым адміністрацыйным штрафам за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат» — 50 базавых велічыняў, што адпавядае 9 мільёнам рублёў.

Рэгіянальны прадстаўнік БХК Алесь Яўсеенка, які назіраў за разглядам адміністрацыйнай справы ў судзе Цэнтральнага раёну, так камэнтуе судовую пастанову:

«Натальля тройчы выказала недавер судзьдзі Дамненцы, таму, выглядае, і атрымала найбуйнейшы штраф — па 3 мільёны за кожны заяўлены адвод».

Праваабаронца адзначыў таксама, што разгляд адміністрацыйнай справы вёўся аднабакова. Судзьдзя адхіліла амаль усе хадайніцтвы Натальлі Крывашэй, у тым ліку і пра тое, каб выклікаць у суд сьведак.

Адміністрацыйная справа паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП распачата была ў дачыненьні да фрылансэра за відэасюжэт «Самагубства выкладчыцы», паказаны 15 красавіка ў праграме «Аб’ектыў» спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» (Польшча).

У ім распавядалася пра суіцыд выкладчыцы катэдры беларускай мовы філялягічнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, кандыдата філялягічных навук Сьвятланы А.

Яна павесілася, бо, як распавядалася ў сюжэце, баялася застацца без кватэры. Жылы дом, у якім жыла выкладчыца зь дзецьмі, кіраўніцтва ўнівэрсытэту перааформіла ў інтэрнат, узаконіўшы гэта праз эканамічны суд. Жывеш у ім — пакуль працуеш ва ўнівэрсытэце. Сытуацыю скарыстоўвалі й дзеля ціску на выкладчыкаў.

За згаданы сюжэт на «Белсаце» напярэдадні ў тым жа Цэнтральным судзе аштрафаваны на 5,4 мільёна журналіст-фрылансэр Кастусь Жукоўскі.

Суд Цэнтральнага раёну Гомеля

Натальля Крывашэй на судзе заявіла, што наагул не разумее, за што яе судзяць. Яна па просьбе Жукоўскага была ў праблемным унівэрсытэцкім доме на вуліцы Савецкай, 106. Але ніякіх відэаздымак не рабіла, нічога нікому не адсылала.

Судзьдзя Дамненка палічыла немэтазгодным выслухаць сьведку Жукоўскага і выклікаць для тлумачэньняў падпалкоўніка міліцыі Цэнтральнага РАУС Юрыя Паніна, які складаў адміністрацыйны пратакол.

Адхіліла судзьдзя і хадайніцтва, каб атрымаць ад заканадаўцаў тлумачэньне наконт таго, хто ўсё ж вырабляе і распаўсюджвае «прадукцыю СМІ» — фрылансэр як фізычная асоба ці рэдакцыі газэт, тэлеканалаў як асобы юрыдычныя?

«У нашай краіне, відаць, такое кепскае эканамічнае становішча, — кажа Натальля Крывашэй, — што ўлады, замест таго каб займацца прадукцыяй прамысловасьці ды сельскай гаспадаркі, вырабляць яе і прадаваць, накінуліся на „выраб прадукцыі СМІ“. Мае тлумачэньні пра тое, што я не магла вырабіць „прадукцыю СМІ“ безь відэакамэры, іншай тэхнікі, а тым больш распаўсюдзіць яе з тэрыторыі Польшчы праз тэлеканал „Белсат“, ня ўзятыя пад увагу. Лічу, найбуйнейшы штраф судзьдзя Дамненка вынесла таму, што была проста раззлаваная на мяне — за тройчы выказаны недавер і сумнеў у яе прафэсійнай кваліфікацыі».

Адміністрацыйны штраф, вынесены сёньня фрылансэру Натальлі Крывашэй за «незаконны выраб прадукцыі СМІ», ужо сёлета трэці па ліку. Агулам яе аштрафавалі на 18 мільёнаў рублёў.