У Гомелі спынілі распаўсюднікаў «Народнай волі», спаслаўшыся на інцыдэнт з бэнзапілой у Менску

Ілюстрацыйнае фота

Гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны патрабуюць ад дырэкцыі «Мандарын-Плаза» прынесьці ім пісьмовае прабачаньне і пакараць дысцыплінарна ахоўнікаў гэтага гандлёва-забаўляльнага цэнтру за перашкоду ў распаўсюдзе газэты «Народная воля» са спэцыяльным дадаткам супраць сьмяротнага пакараньня.

«У Беларусі ладзіцца інфармацыйны тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня. 9 кастрычніка ў калідоры «Мандарын-Плаза» мы бясплатна раздавалі «Народную волю» з дадаткам на гэтую тэму. І тут умяшаліся ахоўнік і адміністратар гандлёвага цэнтру, хапалі рукамі за вопратку, перашкаджаючы распаўсюду газэты. Патлумачыць, чаму забараняецца яе раздаваць, яны не маглі. Выклікалі міліцыю».

Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка, архіўнае фота

Па словах праваабаронцы, супрацоўнікі Савецкага райаддзелу міліцыі таксама канстатавалі адсутнасьць у наяўных правілах гандлёвага цэнтру забароны на распаўсюд газэтаў. Яны ўзялі толькі пісьмовыя тлумачэньні ў Судаленкі і Паплаўнага.

Дырэктар гандлёвай сеткі «Мандарын-Плаза» Ігар Падсьценны так пракамэнтаваў інцыдэнт:

«Ведаеце, што адбылося ў гандлёвым цэнтары «Эўропа» ў нас у Менску? Людзей ужо бэнзапілой рэжуць. Трэба было прыйсьці ў адміністрацыю і напісаць заяву на распаўсюд газэты «Народная воля». Вось і ўсё. А то нейкі ідыёт падскочыў бы да распаўсюднікаў, нешта ўчыніў бы, і ў нас былі б праблемы, чаму не адрэагавалі».

Дарэчы, у гандлёвых цэнтрах Гомелю бесперашкодна раздаюць ня толькі «Народную волю», але й мясцовыя выданьні «Субота», «Пэнсіянэр» ды некаторыя іншыя. Тыя ж Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны пасьля інцыдэнту раздалі рэшту асобнікаў «Народнай волі» на рынку «Давыдаўскі», за што атрымалі падзяку ад гараджанаў.