МЗС: запрашэньне на Рыскі саміт раўнапраўнае

Беларусь атрымала раўнапраўнае запрашэньне для ўдзелу ў Рыскім саміце «Ўсходняга партнэрства», які адбудзецца 21–22 траўня.

Пра гэта паведаміла намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Марыя Ваньшына.

«Рашэньне адносна ўзроўню ўдзелу Беларусі ў дадзеным мерапрыемстве будзе прынята кіраўніком дзяржавы», — цытуе БелТА Ваньшыну.

Дзяржсакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс 28 красавіка ў Рызе перадаў кіраўнікам дыпляматычных місіяў Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны афіцыйныя запрашэньні на саміт «Усходняга партнэрства», паведамляе сайт МЗС Латвіі. Яны падпісаныя старшынём Эўрапейскай Рады Дональдам Тускам, старшынём Эўрапейскай камісіі Жанам-Клёдам Юнкерам і прэм’ер-міністрам Латвіі Лаймдотай Страўюмай.