Мінгандлю пра закрыцьцё супэрмаркетаў: цяпер у нас больш паўнамоцтваў

Крамы паплаціліся за нізкі адсотак айчыннай прадукцыі на вітрынах

За 10 дзён дзейнасьці прэзыдэнцкага ўказу Мінгадлю пазакрывала крамы «Гіпа», «Электрасіла», «5 элемэнт» і «Эўраопт».

Дадатковыя паўнамоцтвы міністэрству дае ўказ прэзыдэнта № 567.

«Я так разумею, пасьля гэтага ўказу яшчэ больш стала праверак... Хоць у прынцыпе гандлёвая інспэкцыя і раней працавала ў такім жа рэжыме, проста цяпер у нас больш паўнамоцтваў», — паведамілі Радыё Свабода ў прэс-службе Міністэрства гандлю.

Указ прэзыдэнта № 567 «Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў», які пашырае паўнамоцтвы Мінгандлю ў галіне рэгуляваньня, быў прыняты 5 сьнежня. У прыватнасьці, згодна з гэтым указам міністар гандлю або хто-небудзь зь яго намесьнікаў сваім рашэньнем цяпер могуць на тэрмін да 90 дзён прыпыняць працу гандлёвага аб’екта, калі там выявілі парушэньні заканадаўства. Пры паўторным парушэньні міністэрства мае права і зусім закрыць гандлёвую кропку.

На дадзены момант дзеяньне новага ўказу ўжо адчулі на сабе такія вядомыя гандлёвыя сеткі як «Гіпа», «Электрасіла», «5 элемэнт» і «Эўраопт».

Сёньня было абвешчана, што рашэньнем першага намесьніка міністра гандлю Артура Карповіча за парушэньні заканадаўства аб гандлі прыпыненая праца 3 супэрмаркетаў «Гіпа» (у Менску на вуліцах Жукоўскага і Чарвякова, а таксама ў вёсцы Баравая пад Менскам).

Як паведамляе сайт Міністэрства гандлю, там былі выяўлены факты рэалізацыі тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасьці (каўбасныя вырабы, рыба, піва, мыйныя сродкі і інш.), рэклямы алькаголю, невыкананьня асартымэнтных пералікаў, няправільнага афармленьня зьніжак і г. д.

Напрыклад, у краме па вуліцы Жукоўскага выяўлена пратэрмінаваных тавараў на суму 3,5 млн рублёў, па вуліцы Чарвякова — на 3,2 млн рублёў. У краме ў Баравой адсутнічала звыш 25 адсоткаў тавараў айчыннай вытворчасьці, прадугледжаных асартымэнтным пералікам. Прычым падобныя парушэньні ў крамах на Жукоўскага і Баравой гандлёвая інспэкцыя Мінгандлю выяўляла і раней, што дало магчымасьць цяпер зачыніць крамы.

Акрамя таго, з 12 сьнежня 2014 да 1 сакавіка 2015 году прыпыненая дзейнасьць крамы «Эўраопт» № 400 на вуліцы Нікіфарава ў Менску.

На мінулым тыдні за парушэньні заканадаўства аб гандлі прыпыненая праца 7 сеткавых крамаў «Электрасіла» (у Менску, Пінску, Маладэчне, Мазыры) і «5 элемэнт» (у Гомелі, Ваўкавыску, Слоніме).

«Парушэньні выяўляюцца практычна ўсюды, толькі дзесьці яны больш істотныя, дзесьці менш», — заявілі ў Мінгандлю.

У прадпрыемстве «Белвілісдэн», якому належыць сетка «Гіпа», адмовіліся пракамэнтаваць Радыё Свабода сытуацыю з закрыцьцём трох супэрмаркетаў.