Гомель: выстава загінулага францускага журналіста

Фотапартрэт Мішэля Рэно на гомльскай выставе

Сотні тысяч людзей прайшлі 11 студзеня па Парыжы маршам адзінства супраць тэрарызму. Гэткім чынам парыжане й лідэры шэрагу эўрапейскіх краінаў, якія ўзялі ўдзел у маршы, ушанавалі і памяць ахвяраў тэрактаў, у тым ліку й расстраляных супрацоўнікаў сатырычнага часопіса Charlie Hebdo.

Тым часам у Гомелі на знак салідарнасьці з парыжанамі ў галерэі Гаўрылы Вашчанкі адкрылася выстава францускага журналіста, фатографа і падарожніка Мішэля Рэно — аднаго з тых, хто загінуў пры нападзе ісламістаў на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo.

Захавальнік фондаў галерэі Алег Курашоў кажа:

«У дадзеным выпадку нас наўпрост закрануў тэрарыстычны акт. У прыватнасьці, тым, што адзін з загінулых, Мішэль Рэно, — гэта фатограф, які пяць гадоў таму рабіў у галерэі сваю пэрсанальную выставу. І падарыў гораду, галерэі дзесяць сваіх фатапрац. Гэта добры чалавек і майстра, які не заслугоўваў такой недарэчнай гвалтоўнай сьмерці».

Суразмоўца ўдакладніў, што гэта за здымкі:

«Мішэль Рэно падарыў нам дзесяць фатаздымкаў, зробленых у розных кутках Зямлі. У прыватнасьці, у Этыёпіі, Маўрытаніі, Францыі, Віетнаме, Буркіна-Фасо, Інданэзіі. Гэта вельмі шырокая геаграфія. Ён езьдзіў у якасьці карэспандэнта розных выданьняў па ўсім сьвеце. І фатаграфаваў, прычым фатаграфаваў вельмі якасна. Шэраг ягоных прац атрымалі высокія прызы й пахвалу майстроў фатаграфіі».

Your browser doesn’t support HTML5

Алег Курашоў пра выставу Мішэля Рэно ў Гомелі

Здымкі Мішэль Рэно падарыў гомельскай галерэі ў 2009 годзе — пасьля сваёй выставы ў Гомелі, якая назывался «Падарожжа вакол сьвету ў 80 фатаздымках».

Супрацоўнікі галерэі дадалі да Мішэлевых свае здымкі, зробленыя тут падчас выставы пяць гадоў таму — і выйшла цэлая экспазыцыя.

Сёньня выставу аднымі зь першых наведалі навучэнцы сярэдняй школы № 46, якая носіць імя Паскаля і месьціцца на вуліцы Клермон-Фэран.

Фотаздымкі Мішэля Рэно

Мішэль Рэно быў цесна зьвязаны з Гомельшчынай. Ён ажаніўся зь беларускай, ураджэнкай вёскі Данілевічы Лельчыцкага раёну, настаўніцай францускай мовы Галінай Раманавай. У іх расьце дачка Васіліса, названая ў гонар лельчыцкага дзеда — Васіля Раманава.

А пазнаёміліся Галіна і Мішэль у Гомелі, калі Мішэль прыяжджаў у складзе дэлегацыі францускага горада-пабраціма — Клермон-Фэрана.

Васіль і Марыя Раманавы даведаліся пра трагедыю ў Парыжы праз тэлефон ад дачкі. Мішэль паехаў у Францыю па рэдакцыйных справах, бо ў Клермон-Фэране ён выдаваў і свой часопіс.

Васіль Рыгоравіч кажа, што аплаквалі зяця дома. У Францыю паляцела іх старэйшая дачка Ніна.

79-гадовы паляшук Васіль Раманаў згадвае, што зяць дужа любіў падарожжы, зь якіх вяртаўся з мноствам фатаздымкаў. Калі Раманавы наведвалі Клермон-Фэран, то Мішэль Рэно таксама не прамінуў зафіксаваць на фота моманты гэтай гасьціны:

«Ён рабіў у мэрыі. І мы там былі. І фатаграфіі ў нас з мэрыі ёсьць. Ён быў намесьнікам мэра і рэдактарам свайго часопіса ў Клермон-Фэране. І часопіс гэты ёсьць са здымкамі. Там і Галя — як яна гомельскіх школьнікаў сустракае. Усё ў нас на фатаздымках ёсьць».

Гомельская галерэя Гаўрылы Вашчанкі