Прэзыдэнт Францыі заявіў аб затрыманьні ў Атлянтычным акіяне танкера Tagor, які ішоў з Расеі

Францускі марак назірае за танкерам Tagor, 1 чэрвеня 2026 году

Гэта ня першы выпадак затрыманьня заходнімі дзяржавамі танкераў, якія абыходзяць міжнародныя санкцыі супраць Расеі.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што ВМС Францыі затрымалі падсанкцыйны нафтавы танкер Tagor, які ішоў з Расеі.

«Гэтая апэрацыя была праведзеная ў Атлянтычным акіяне, у адкрытым моры, пры падтрыманьні шэрагу партнэраў, уключаючы Злучанае Каралеўства, і ў строгай адпаведнасьці з морскім правам. Недапушчальна, каб караблі абыходзілі міжнародныя санкцыі, парушалі морскае права і фінансавалі вайну, якую Расея вядзе супраць Украіны ўжо больш за чатыры гады», — напісаў Макрон у сетцы X.

Паводле яго, гэтыя вадаплавы, якія ігнаруюць «нават самыя элемэнтарныя правілы морскай навігацыі, нясуць пагрозу прыроднаму асяродзьдзю і ўсіхнай бясьпецы».

Паводле сэрвісу MarineTraffic, Tagor выйшаў з Расеі (хутчэй за ўсё, прыняўшы груз з плывучага нафтасховішча ў раёне Мурманску) і ішоў у порт у Камэруне. Вадаплаў ходзіць пад сьцягам Камэруну і знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і Швайцарыі за транспартаваньне расейскай нафты і нафтапрадуктаў.

Гэта ня першы танкер з расейскага «ценевага флёту», затрыманы Францыяй. З восені мінулага году францускія вайскоўцы разам з хаўрусьнікамі затрымлівалі танкеры Grinch, Boracay і Deyna. Усе яны пасьля былі адпушчаныя. Танкер Grinch, як заяўлялі францускія ўлады, адпусьцілі пасьля штрафу ў «некалькі мільёнаў эўра» за няздольнасць экіпажу абгрунтаваць выкарыстаньне сьцяга.

Чым небясьпечны «ценевы флёт» Расеі

Паводле розных ацэнак, «ценевы флёт» Расеі налічвае ад 800 да 1200 танкераў і служыць для абыходу міжнародных санкцыяў і продажу расейскай нафты. Пры гэтым ядро флёту, якое рэгулярна робіць такія перавозкі, складае каля 400–600 вадаплаваў.

Гэта ў асноўным старыя і зношаныя танкеры (многім зь іх больш за 20 гадоў), якія мелі пайсьці на ўтылізацыю. Флёт забясьпечвае экспарт расейскай нафты ў краіны Азіі, Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Заробленыя грошы служаць напаўненьню расейскага бюджэту і агрэсіўнай расейскай вайне ва Ўкраіне.

Праз брак належнага страхаваньня і тэхнічнага абслугоўваньня такія танкеры нясуць вялікую экалягічную пагрозу. Украінскія сілы рэгулярна праводзяць апэрацыі, выкарыстоўваючы морскія дроны для атакі і зьнішчэньня караблёў «ценевага флёту». Краіны Захаду неаднаразова затрымлівалі такія танкеры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Захоп расейскіх танкераў Злучанымі Штатамі трымае ценявы флёт Масквы ў напружаньні

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША затрымалі каля Вэнэсуэлы танкер іранскага ценявога флёту

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як доўга расейская эканоміка зможа працягваць фінансаваць вайну?