Макей паабяцаў працягваць міратворчыя ініцыятывы Беларусі

Уладзімер Макей, архіўнае фота

Міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей заявіў, што галоўная палітычная задача Міністэрства замежных спраў на 2018 год і больш далёкую пэрспэктыву заключаецца ў далейшым павышэньні ролі Беларусі ў рэгіянальнай і сусьветнай палітыцы, піша БелаПАН.

Заява прагучала 7 лютага ў Менску на пасяджэньні выніковай гадавой калегіі МЗС. Паводле Ўладзімера Макея, мэта калегіі ў тым, каб «правесьці рэвізію зробленага на ключавым замежнаэканамічным кірунку летась, зафіксаваць аптымальныя шляхі для дасягненьня эфэктаў».

Як адзначыў Макей, у мінулым годзе Беларусі ўдалося «ня толькі абараніць, але і ўмацаваць ужо заваяваныя міжнародныя пазыцыі». У ліку посьпехаў Беларусі ў гэтым пляне кіраўнік МЗС назваў досьвед старшынства ў ЦЭІ і АДКБ, правядзеньне ў Мінску 26-й сэсіі ПА АБСЭ.

«За Менскам захоўваецца статус аднаго з цэнтраў рэгіянальнай палітыкі, пляцоўкі, на якой вырашаюцца рэгіянальныя і сусьветныя праблемы, — сказаў Макей. — Мы прарабілі вялікую працу для гарантаваньня бясьпекі ў рэгіёне, працягнем і далей прапаноўваць пляцоўку для перамоваў, прасоўваць міратворчыя ініцыятывы, удзельнічаць у фармаваньні міжнароднага парадку дня ў гэтых жыцьцёва важных кірунках.

Мы працягнем на двухбаковым і шматбаковым узроўні прасоўваць пазытыўны, аб’яднаўчы, мірны парадак дня».