Макей абараніў беларускі бязьвіз ад расейскіх нападак

  • БелаПАН

Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей назваў нематываванай расейскую крытыку наконт «пагрозы беларускага бязьвізу», піша БелаПАН.

«Сумесная беларуска-расейская мяжа — гэта наш агульны здабытак і адказнасьць, — сказаў міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей у інтэрвію расейскім «Известиям» ад 8 лютага. — І тут важна давяраць адно аднаму. Таму мы дакладна і для кагосьці непрыемна рэагуем на аднабаковыя нематываваныя крокі, пад якія заднім лікам падвёрстваецца „пагроза беларускага бязьвізу“.

Урэшце мы ж не ўчынялі скандалу, скажам, праз тое, што толькі ў 2016 годзе паміж Расеяй і Кітаем было зьдзейсьнена 760 тысяч паездак у рамках групавога бязьвізавага турабмену. Усе іх удзельнікі своечасова вярнуліся? Ніхто да Брэста не даехаў?»

Паводле Макея, сумесная мяжа Беларусі з Расеяй у апошнія гады стала прадметам пастаянных абмеркаваньняў на розных узроўнях, асабліва ў кантэксьце ўведзеных расейскім бокам кантрольных захадаў у дачыненьні да грамадзян трэціх краінаў.

«У сувязі з гэтым хацеў бы адзначыць беспадстаўнасьць сьцьвярджэньняў аб неабходнасьці ўзмацненьня кантролю на мяжы ў сувязі з уводам намі пяцідзённага бязьвізавага ўезду для грамадзян 80 дзяржаў,— заявіў Макей. — Нібыта тым самым мы стварылі ўмовы для пранікненьня розных варожых элемэнтаў, прычым ня толькі ў Беларусь, але і ў Расею. Гэта ня так... Расейскі бок увёў кантроль на сумеснай мяжы за год да выданьня нашага ўказу № 8, а менавіта на пачатку 2016 году».

Паводле ягоных слоў, за дваццаць гадоў не было ніводнага выпадку, калі празь Беларусь у Расею трапілі б іншаземцы, якія ўяўляюць пагрозу для яе нацыянальнай бясьпекі.

«Мы беражом нашу мяжу, наш вонкавы пэрымэтар як агульную мяжу Саюзнай дзяржавы, — дадаў Макей. — Працуем па адным з расейцамі спісе „забароньнікаў“. Калі ад кагосьці зыходзіць тэрарыстычная пагроза, то ён у любым выпадку да вас праз нас ня трапіць — будзе ў Беларусі візавы рэжым або бязьвізавы рэжым уезду зь дзяржавай яго паходжаньня»