Латвія пабудуе плот на мяжы зь Беларусьсю

Агароджа на мяжы Грэцыі і Македоніі, ілюстрацыйнае фота

Каб засьцерагчы сябе ад людзей, што незаконна перасякаюць мяжу, Латвія на мяжы зь Беларусьсю пабудуе плот. У бюджэце наступнага году прадугледжаныя сродкі на распрацоўку праекту ўладкаваньня прымежнай паласы на мяжы Латвіі і Беларусі.

Пра гэта паведаміў у інтэрвію агенцтву LETA начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвійскай Рэспублікі Нормундс Гарбарс.

Улічваючы, што падобны досьвед ужо ёсьць на латвійска-расейскай мяжы, вялікіх зьменаў не прадбачыцца, і праект будзе рэалізаваны на такіх жа прынцыпах.

Працы для ўладкаваньня прымежнай паласы паміж Латвіяй і Беларусьсю могуць пачацца не раней чым праз год, пакуль невядома, якой даўжыні плот будзе.

Увесну сёлета на латвійска-расейскай мяжы на тэрыторыі Лудзенскага кіраваньня пабудаваныя першыя тры кілямэтры плоту. Мінімальная вышыня агароджы складзе 2,70 мэтра. Усяго плянуецца пабудаваць 92 км плоту на асобных участках мяжы.