Кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка падпісаў 20 сьнежня ўказ аб прызначэньні Лідзіі Ярмошынай старшынёй Цэнтравыбаркаму.
Пра гэта паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.
Сябрамі ЦВК таксама прызначаныя Алена Дмухайла, Вадзім Іпатаў, Сяргей Каліноўскі, Марына Рахманава і Алег Сьліжэўскі.
Усе яны і раней працавалі ў складзе ЦВК.
У дзень выбараў 11 верасьня Лідзія Ярмошына казала, што вельмі стамілася, і не выключала, што пасьля выбараў пойдзе ў адстаўку.
Пазьней у інтэрвію «Советской Белоруссии» яна заявіла пра дэманізацыю яе аблічча як старшыні Цэнтравыбаркаму.
Лідзія Ярмошына ўзначальвае Цэнтравыбаркам Беларусі з 14 лістапада 1996 году. Тады Аляксандар Лукашэнка сваім указам зьняў з пасады старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, якога прызначаў Вярхоўны Савет, і прызначыў выконваць абавязкі старшыні загадчыцу юрыдычнай службы Бабруйскага гарвыканкаму Лідзію Ярмошыну, якая атрымала адукацыю юрыста ў Калінінградзе і працавала там памочнікам пракурора раёну.
У 2006 годзе за «меркаваную датычнасьць да фальсыфікацыяў» падчас прэзыдэнцкіх выбараў Лідзія Ярмошына трапіла ў чорны сьпіс неўязных у Эўразьвяз.