Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына лічыць, што яе дэманізавалі


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Лідзія Ярмошына ў інтэрвію «Советской Белоруссии» выказалася пра дэманізацыю яе аблічча як старшыні Цэнтравыбаркаму.

«Вы ведаеце, аблічча Ярмошынай у значнай ступені дэманізавана. Як і шмат хто з адказных жанчын савецкага пакаленьня, я ўсё цягну на сабе, лічачы, што астатнім будзе цяжка і яны ня ўправяцца. Пры гэтым ствараецца ілюзія, што і ўсе рашэньні прымаю таксама я, а некаторыя ініцыятывы дэспатычна не дапускаю на грамадзкае абмеркаваньне», — сказала Лідзія Ярмошына ў той частцы размовы з карэспандэнтам «СБ», якая тычылася магчымых паправак у выбарчае заканадаўства Беларусі.

Спадарыня Ярмошына не ўпершыню кажа пра дэманізацыю, але раней яна не ўжывала гэтага слова адносна сябе.

«Давайце ставіцца да гэтага без гістэрыі. Мы да такой ступені дэманізавалі інстытут міжнароднага назіраньня, паставілі іх на п’едэстал і самі сталі баяцца. Ня трэба нічога баяцца, проста да людзей трэба ставіцца адкрыта і добразычліва», — заявіла чыноўніца ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1», якое было паказана ўвечары 12 чэрвеня 2016 году.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова на парлямэнцкіх выбарах. Менск, 7 верасьня 2016 году
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова на парлямэнцкіх выбарах. Менск, 7 верасьня 2016 году

У дзень выбараў 11 верасьня Лідзія Ярмошына казала, што вельмі стамілася, і не выключала, што пасьля выбараў пойдзе ў адстаўку.

«Лічыце, я гэтак інтрыгую», — дадала тады старшыня Цэнтравыбаркаму і ў выніку захавала за сабой пасаду.

Лідзія Ярмошына ўзначальвае Цэнтравыбаркам Беларусі з 14 лістапада 1996 году. Тады Аляксандар Лукашэнка сваім указам зьняў з пасады старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, якога прызначыў Вярхоўны Савет, і прызначыў выконваць абавязкі старшыні загадчыцу юрыдычнай службы Бабруйскага гарвыканкаму Лідзію Ярмошыну, якая атрымала адукацыю юрыста ў Калінінградзе і працавала там памочнікам пракурора раёну.

У 2006 годзе за «меркаваную датычнасьць да фальсыфікацыяў» падчас прэзыдэнцкіх выбараў Лідзія Ярмошына трапіла ў чорны сьпіс неўязных у Эўразьвяз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG