Гарадоцкага актывіста затрымалі за «забаронены сьцяг»

Леанід Аўтухоў

Сябар Партыі БНФ Леанід Аўтухоў праводзіў у райцэнтры акцыю памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў — выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам да скульптуры вядомага літаратурнага пэрсанажа, героя паэмы «Тарас на Парнасе».

Паводле спадара Аўтухова, 29 кастрычніка ён выйшаў да вядомага ў Гарадку мастацкага аб’екта, бо гэта былі ўгодкі расстрэлу больш як сотні прадстаўнікоў беларускай эліты: навукоўцаў, літаратараў, дзяржслужбоўцаў... На ягоную думку, кожны беларус павінен памятаць і шанаваць гэты дзень.

Да актывіста далучыліся яшчэ пара чалавек, яны запалілі сьвечку ля падножжа скульптуры, а спадар Аўтухоў разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг.

Праз колькі хвілінаў усе разышліся. Па дарозе да хаты Леаніда Аўтухова перахапілі міліцыянты. 30 кастрычніка ён распавёў Радыё Свабода:

«Мяне і маю сяброўку Алену Радкевіч павёз у пастарунак начальнік аддзелу аховы правапарадку Гарадоцкага РАУС. Пратаколаў на нас не складалі, але ўзялі тлумачэньні, што мы рабілі каля скульптуры палясоўшчыка Тараса. А потым міліцыянт праводзіў „выхаваўчую гутарку“ — казаў, што бел-чырвона-белы сьцяг „забаронены“ і што я ня маю права яго браць у рукі».

Леанід Аўтухоў не выключае, што пратакол за адміністрацыйнае правапарушэньне на яго яшчэ складуць, нягледзячы на тое, што гэта не было зроблена ўчора.