Лагвінец падасьць у суд на выбарчую камісію

Алесь Лагвінец

17 жніўня Менская гарадзкая выбарчая камісія не задаволіла скаргу намесьніка старшыні руху «За свабоду» Алеся Лагвінца на акруговую камісію, якая не зарэгістравала яго кандыдатам у дэпутаты.

«Скаргу не задаволілі аднагалосна. Трэба аддаць належнае, што ў гэты раз, у адрозьненьне ад пасяджэньня акруговай камісіі, яны паводзілі сябе больш карэктна, не перабівалі мяне», — сказаў БелаПАН Лагвінец. На яго думку, гэта зьвязана з тым, што на пасяджэньні прысутнічалі назіральнікі ад АБСЭ.

Лагвінец зьбіраецца абскардзіць рашэньне гарадзкой камісіі ў судзе.

«Ніякіх ілюзіяў з гэтай нагоды ў мяне няма. Цяпер наша каманда ў акрузе разглядае магчымасьць актыўнага байкоту выбараў», — сказаў палітык.

Раней акруговая камісія адмовілася рэгістраваць Лагвінца кандыдатам у дэпутаты з-за двух папярэджаньняў.

Таксама старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што канцэрт вядомага музыканта Лявона Вольскага, які прайшоў 27 ліпеня ў сталічным мікрараёне Сухарава ў рамках пікету па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Алеся Лагвінца, быў парушэньнем выбарчага заканадаўства.

Ня змог дамагчыся рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты і намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. 16 жніўня Менскі гарадзкі суд не задаволіў яго скаргу на гарадзкую выбарчую камісію. Падставы для адмовы ў рэгістрацыі палітык лічыць фармальнымі.