Курманбек Бакіеў пасьля пяці гадоў маўчаньня прэзэнтаваў у Менску свае мэмуары

Курманбек Бакіеў, архіўнае фота

Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які ўцёк у Беларусь, правёў у Менску прэзэнтацыю сваёй кнігі «Боль, любоў і надзея: мой Кіргізстан».

Прэзэнтацыя адбылася ў менскім гатэлі «Вікторыя».

У кнізе Бакіеў апісаў сваё жыцьцё ў той час, калі кіраваў Кіргізстанам — у 2005–2010 гадах. У анатацыі гаворыцца, што «кніга прызначаная для шырокага кола чытачоў».

Бакіеў распавёў, што пачаў пісаць кнігу ў лістападзе 2014 году, а гатовая яна была ўжо летам 2015-га. Але тады Бакіеў выдаваць яе ня стаў, бо ў Кіргізстане адбываліся парлямэнцкія выбары.

«Каб не казалі, што ўмешваецца ў справы, бударажыць», — цытуе БелТА Бакіева. Аўтар адзначыў, што апошнія пяць гадоў вёў ціхі лад жыцьця і не рабіў ніякіх камэнтароў для СМІ:

«Я маўчаў, і вы гэта ведаеце. Пяць гадоў ня ўмешваўся ні ўва што».

Кніга выйшла на дзьвюх мовах — расейкай і кіргіскай. Надрукавалі яе ў Расеі накладам 2000 асобнікаў. У кнізе 200 старонак, яна ілюстравана фатаграфіямі Бакіева і іншых палітычных дзеячаў постсавецкіх дзяржаў, КНР, Турэччыны і ЗША.

Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў атрымаў прытулак у Беларусі. Кіргіскі бок ня раз патрабаваў выдаць Курманбека Бакіева, а таксама яго малодшага брата Жаныша Бакіева, якія асуджаныя на радзіме да пажыцьцёвага зьняволеньня за цяжкія злачынствы. Аднак афіцыйны Менск адмовіўся выдаць Бакіевых кіргіскім уладам.