«Курганы шмат чаго нам гавораць»: у Менску прагучыць рок-опэра на «прароцкую» паэму Янкі Купалы і музыку Лучанка і «Песьняроў»

Ілюстрацыйная выява. Карціна «Янка Купала ў Смаленску. 1918» мастака Арлена Кашкурэвіча

7 чэрвеня ў Дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца канцэрт «Як на сьвет радзіўся Янка». Праект прысьвечаны наступаючаму 135-годзьдзю клясыка беларускай літаратуры Янкі Купалы і адметны тым, што на канцэрце прагучыць рок-опера «Курган» на словы Янкі Купалы і музыку Ігара Лучанка і Ўладзімера Мулявіна.

Аўтар праекту канцэрту паэт Андрэй Скарынкін распавёў Свабодзе, у чым унікальнасьць гэтага праекту:

«Гэтая паэма — адзін з шадэўраў Янкі Купалы. Яна пра адносіны простага чалавека і ўлады, але гэта ня проста літаратурны шэдэўр, а сваеасаблівае прароцтва, якое сёньня як ніколі гучыць актуальна, бо зноў абвастрыліся адносіны ўлады з простым чалавекам, зноў багацьце і ўлада сталі мерай маралі і мы зноў шукаем адказ на пытаньне, ці гэта добра?

На маю думку, рок-опэра „Курган“ — гэта сваеасаблівая спроба праз выдатную музыку Ігара Лучанка і паэзію Янік Купалы знайсьці адказ на гэтае цяжкае пытаньне».

Янка Купала. Фота 1919 году

Паэму «Курган» Янка Купала напісаў у Санкт-Пецярбургу ў 1910 годзе — у часы паміж дзьвюма расейскімі рэвалюцыямі, калі расчараваньне вынікамі адной рэвалюцыі паступова выцясьнялася спадзяваньнямі на другую і адначасова боязьзю, што гэта рэвалюцыя можа стаць катастрофай. Чым гэтыя настроі блізкія людзям, якія жывуць у 2017 годзе?

«Сюжэт „Кургана“ такі: гусьляр на вясельлі ў князя адмовіўся сьпяваць творы на замову, хаця князь абяцаў яму шмат золата, а сьпеў тое, што спадабалася простым людзям, але разгневала князя і той загадаў жыўцом закапаць гусьляра ў курган. З тых часоў раз на год гусьляр выходзіць і сьпявае, і ягоную песьню чуюць усе: „Кажуць, калі б хто зразумеў голас той, не зазнаў бы ніколі ўжо гора. Можна тут веру даць. Толькі слухаць душой, курганы шмат чаго нам гавораць“», — Скарынкін працягвае сваю думку вершам з паэмы Янкі Купалы.

Як з’явілася рок-опэра «Курган» і якое дачыненьня да яе мае лідэр легендарных «Песьняроў» Ўладзімер Мулявін? Скарынкін распавёў:

«У 1963 годзе малады кампазытар, яшчэ студэнт кансэрваторыі Ігар Лучанок напісаў кантату для хору і аркестру на паэму Янкі Купалы „Курган“. Потым у 1978 годзе Ўладзімер Мулявін з „Песьнярамі“ перапрацавалі кантату Ігара Лучанка ў музычную паэму-легенду „Гусьляр“. Яна загучала па-новаму, фактычна ў яе ўжо два аўтары музыкі — Лучанок і Мулявін.

А ў 2010 годзе, да стогадовага юбілею паэмы „Курган“ на просьбу Ігара Лучанка папрацаваць над гэтым творам давялося мне. Шмат што было перароблена, дапоўнена, зьменена і ў музыцы і ў вершах, бо раней не ўсё з паэмы Купалы гучала. Нам удалося зрабіць гэтак, што кожны радок загучаў. Нават быў знойдзены ўступ да паэмы, які Янка Купала напісаў яшчэ ў 1909 годзе. Зараз гэты ўступ гучыць у выглядзе інтрадукцыі да рок-опэры, музыку да інтрадукцыі напісаў музыка, самародак у сваёй справе Святаслаў Пазьняк.

Першы раз рок-опэра прагучала ў Хойніках на сьвяце беларускай паэзіі, праз год рок опэру выконвалі на сцэне Музычнага тэатра, у 2012 годзе яна гучала ў Маладзечна на фэстывалі беларускай песьні і паэзіі. Яшчэ былі выкананьні ў 2013 і 2016 гадах і вось цяпер новая магчымасьць паказаць рок-опэру „Курган“ беларускім гледачам — у Дзяржаўнай філярмоніі. Атрымліваецца амаль дакладна як у паэме Янкі Купалы — штогод гусьляр з’яўляецца і нагадвае людзям пра сваё прароцтва і пра іх чалавечы абавязак».

У другім аддзяленьні канцэрту «Як на сьвет радзіўся Янка» 7 чэрвеня прагучаць беларускія песьні, у тым ліку твор «Янка Купала», напісаны кампазытарам Уладзімерам Буднікам на словы Ўладзімера Някляева.

20 незвычайных фактаў пра Янку Купалу