Пад абстрэламі і атакамі дронаў: як жыве прыфрантавы Краматорск. Фотарэпартаж

Ад знаку «Краматорск» да лініі фронту менш за 16 км — адлегласьць, якую FPV-дрон пралятае за 10 хвілін. 5 кастрычніка расейскія войскі ўпершыню ўдарылі па Краматорску валаконна-аптычным FPV-дронам, да гэтага паведамлялася толькі пра ўдары радыёкіраваных бесьпілётнікаў. Цяпер жа бадай штодня паведамляюць пра FPV-дроны над горадам або пра БПЛА («Шахеды», «Герані»)

Палац культуры і тэхнікі на плошчы Міру ў Краматорску. Пасьля ўдараў FPV-дронаў усё менш людзей прыходзяць на цэнтральную плошчу гораду

Паводле розных ацэнак, у Краматорску цяпер жыве 50-80 тысяч чалавек. Масавай эвакуацыі няма: хтось застаецца, пакуль дазваляюць умовы, іншыя ж рыхтуюцца зьяжджаць. Улады рэгулярна інфармуюць пра магчымасьці пераезду ў бясьпечныя рэгіёны

Сьвяткаваньне дзіцячага дня нараджэньня ў адным з двароў Краматорску.

На кантраляванай Украінай частцы Данецкай вобласьці жыве 12,7 тысяч дзяцей, каля 450 зь іх застаюцца ў зоне прымусовай эвакуацыі, — паведаміла начальніца службы ў справах дзяцей Юлія Рыжакова

Пажылы мужчына адпачывае ў парку на праспэкце Міру

Мясцовы жыхар Генадзь стаіць каля зруйнаванага шматпавярховіка: «Якія яны нам браты? Хай яны будуць праклятыя». Ён запальвае цыгарэту: у гэтым будынку загінулі ягоныя сябры

Мурал «Чыгун і лотас» з выявай горнага возера на адной з вуліц у цэнтры Краматорску. У 2019 годзе мастакі намалявалі некалькі муралаў на вуліцы Марата

Помнік воінам-танкістам — вызваліцелям Краматорску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Гарадзкі транспарт працуе безь перапынкаў. Ёсьць аўтобусныя рэйсы ў іншыя гарады Данеччыны і іншыя рэгіёны Ўкраіны. Ад пачатку лістапада цягнікі на Данеччыну ня ходзяць, бо небясьпечна

Помнік Васілю Стусу, адкрыты ў 2021 годзе. Дзяцінства і юнацтва паэта прайшлі на Данеччыне

Краматорск добра памятае трагедыю 27 чэрвеня 2023 году, калі расейскі ўдар па піцэрыі «Рыа» забраў жыцьці 13 людзей, сярод іх — пісьменьніцы Вікторыі Амелінай і супрацоўнікаў установы

Нацыянальны мэмарыял зь сьцягоў у гонар загінулых вайскоўцаў з Данеччыны

Дзяўчына гуляе з сабакам у Юбілейным парку, дзе стаіць флагшток зь сьцягам Украіны, які расейскія войскі апошнім часам намагаюцца зьнішчыць FPV-дронамі

Гараджане кормяць качак на возеры ў Юбілейным парку

У Краматорску працуюць крамы, рынкі, кавярні і рэстараны, але культурнае жыцьцё амаль замёрла: масавыя мерапрыемствы забароненыя, а школьнікі вучацца дыстанцыйна. Нядаўна рынак абстралялі — частка гандлёвых пляцовак была зьнішчана агнём

Мужчына прадае розныя цапстрыкі каля Краматорскага рынку

Асьветленая сярод амаль поўнай цемры кветкавая крамка на Паркавай вуліцы ў Краматорску

Захад сонца над Краматорскам

Мужчыны гуляюць у даміно пры сьвятле ліхтарыка

Прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб падчас сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам назваў гарады Краматорск і Славянск «бастыёнамі супраць гунаў». Цяпер гэты надпіс можна ўбачыць на забітых дошкамі вокнах краматорскага чыгуначнага вакзалу.Ад пачатку лістапада цягнікі й электрацягнікі перасталі хадзіць на Данечччыну, у тым ліку ў Славянск і Краматорск — такое рашэньне было прынята зь меркаваньняў бясьпекі

Бальшыня мясцовых жыхароў ня верыць, што рух на чыгунцы адновяць. На іхную думку, сытуацыя зь бясьпекай будзе толькі пагаршацца