«Ісламская дзяржава» абстраляла турэцкі горад напярэдадні візыту Ангелы Мэркель

Турэцкі горад Кіліс рэгулярна зазнае абстрэлы, фота зробленае 19 красавіка

Два чалавекі загінулі і чацьвёра пацярпелі ў выніку ракетнага абстрэлу 22 красавіка горада Кіліс на поўдні Турэччыны, перадае Deutsche Welle.

Паводле паведамленьняў мясцовых уладаў, у горадзе разарваліся чатыры снарады, выпушчаныя з тэрыторыі прымежнай Сырыі, дзе месьцяцца пазыцыі баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

Загінулыя былі грамадзянамі Турэччыны, сярод пацярпелых ёсьць адзін сырыец.

Інцыдэнт адбыўся за дзень да візыту канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель, старшыні Эўрарады Дональда Туска і намесьніка старшыні Эўракамісіі Франса Тымэрманса сумесна з прэмʼер-міністрам Турэччыны Ахмэтам Давутаглу ў лягер для ўцекачоў, разьмешчаны ў суседнім горадзе Газіянтэпе. Іх паездка першапачаткова была заплянаваная на тыдзень раней і ўключала ў сябе наведваньне Кілісу, які трапіў пад ракетны абстрэл. Горад прыняў да 130 тысяч сырыйскіх бежанцаў. За апошні тыдзень ён некалькі разоў падпадаў пад абстрэл з тэрыторыі Сырыі.