Кая Калас анансавала «самыя маштабныя санкцыі» супраць Расеі

Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас, архіўнае фота

У ліпені 2026 году ЭЗ прыняў 21-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне. Чарговы пакет чакаецца восеньню.

Кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Кая Калас у інтэрвію Die Welt анансавала «самыя маштабныя санкцыі» супраць Расеі, якія будуць прадстаўленыя восеньню 2026 году.

«Калі новы пакет будзе зацьверджаны, колькасьць расейскіх грамадзян, кампаній і арганізацый, якія падпадаюць пад санкцыі, адразу павялічыцца на траціну. Ціск неабходна ўзмацняць да таго часу, пакуль Расея ня спыніць вайну», — адзначыла яна.

Калас таксама выказала спадзеў на тое, што прыняцьце ў Сэнаце ЗША законапраекту аб санкцыях, які прасоўваў рэспубліканец Ліндсі Грэм, зблізіць Злучаныя Штаты і ЭЗ у пытаньні санкцыйнага ціску на Расею.

Паводле Каі Калас, Эўропа сутыкаецца з усё большай гібрыднымі пагрозамі: дывэрсіі, шпіянаж і кібэратакі, за якія ў большасьці выпадкаў адказвае Масква. Яна згадала небясьпечны інцыдэнт з бесьпілётнікам у аэрапорце Ляйпцыга. Тады была пагроза атакі нямецкага самалёта з вайсковым грузам для Украіны.

«Аднак на ўсходнім флянгу падзеі відавочныя: зусім нядаўна расейскія ракеты і бесьпілётнікі парушылі паветраную прастору Польшчы і Румыніі. Яны праверылі нашу рашучасьць і нашу абарону. Такія інцыдэнты непрымальныя і дэманструюць усё большую бязлітасьнасць Масквы. Калі мы будзем рэагаваць занадта слаба, мы ўбачым яшчэ больш такіх інцыдэнтаў», — заявіла Калас.

Раней уведзеныя ЭЗ санкцыі, паводле яе слоў, каштавалі Расеі больш чым адзін трыльён эўра.

У ліпені 2026 году ЭЗ прыняў 21-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне. Пад санкцыі трапілі ў тым ліку 18 арганізацый нафтавага сэктару, у тым ліку тры НПЗ у Расеі і адзін у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Заканапаціць шчыліны». Эканамічны аглядальнік Махоўскі пра новыя санкцыі ЭЗ супраць Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Мазырскага НПЗ і нафтагандлёвай кампаніі, зьвязанай зь Беларусьсю