Чаму беларускія ўлады так і не разыгралі «карту беларуса»?

15–16 ліпеня ў Менску адбудзецца VII зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Кіраўніцтва міжнароднага грамадзкага абʼяднаньня мае намер зноў узьняць пытаньне пра «карту беларуса» ці хаця б пасьведчаньне беларуса.

Цяпер цяжка дакладна прыгадаць, калі і каму прыйшла такая ідэя — увесьці карту ці пасьведчаньне беларуса. Першы прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» акадэмік Радзім Гарэцкі ўзгадвае:

«Зрабіць «карту беларуса» мы прапаноўвалі яшчэ задоўга да таго, як зьявілася «карта паляка». Гаварылі пра тое, што мы павінны заахвочваць былых суайчыньнікаў прыяжджаць сюды, даць пэўныя льготы і далучаць да нашай справы. Каб яны нам дапамагалі, сталі нашымі, так бы мовіць, «паўнамоцнымі прадстаўнікамі», яны шмат у чым маглі б дапамагаць.

Бо нашы суайчыньнікі, да прыкладу, у Злучаных Штатах былі вельмі ўплывовымі людзьмі, мелі справы і з прэзыдэнтамі, і з сэнатарамі. Яшчэ калі міністрам замежных спраў быў Пётар Краўчанка, ён гэта падтрымліваў. А потым паступова ўсё спусьцілі на тармазах. Некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі выказваліся даволі рэзка — маўляў, «нам гэтых здраднікаў ня трэба». На жаль, і да гэтага часу стаўленьне да былых суайчыньнікаў ня надта прыязнае. Але мы будзем працягваць настойваць на тым, што неабходная «карта беларуса».

Радзім Гарэцкі

Асноўныя палажэньні «карты беларуса» былі распрацаваныя і накіраваныя ў МЗС

На пятым зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў сьвету, які адбыўся ў 2009 годзе, былі прапанаваныя папраўкі ў Закон аб беларусах замежжа. У артыкуле 15 гаворка ішла аб «пасьведчаньні беларуса замежжа». Расьпісаныя там былі і прывілеі, якія дае пасьведчаньне:

— падстава для атрыманьня шматразовай візы для ўезду ў Беларусь;

— неабмежаваны тэрмін знаходжаньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

— вызваленьне ад аплаты пошлін, устаноўленых для замежных грамадзян;

— доступ да адукацыі нароўні зь беларускімі грамадзянамі;

— доступ да мэдычнай дапамогі падчас знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі нароўні зь беларускімі грамадзянамі;

— набыцьцё маёмасьці, зямлі, атрыманьне спадчыны нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь;

— атрыманьне права на сталае жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь;

— атрыманьне дзяржаўных узнагародаў, ганаровых грамат, прысуджэньне дзяржаўных прэмій пры наяўнасьці заслугаў перад Рэспублікай Беларусь нароўні з грамадзянамі Беларусі.

Ідэя ўвядзеньня «карты беларуса» актыўна абмяркоўвалася ў 2010–2011 гадах. На думку прадстаўнікоў Саўміну, МУС, адміністрацыі прэзыдэнта, увядзеньне такога дакумэнту стала б своеасаблівым адказам на «карту паляка».

Пра «карту беларуса» загаварылі тады і ўплывовыя беларускія чыноўнікі: першы намесьнік начальніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун, прадстаўнікі МЗС. Але канкрэтны орган, які меўся б заняцца выдачай «карты беларуса», так і ня быў вызначаны.

Прапановы «Бацькаўшчыны» пра карту беларуса не прынялі

Прыкладна за год да прыняцьця Закону аб беларусах замежжа, у 2013 годзе, чыноўнікі пачалі паціху рыхтаваць глебу да таго, што ў праекце новага закону пункту пра «карту беларуса» ня будзе. У прыватнасьці, пра гэта наўпрост сказаў у лютым 2013 году намесьнік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека.

Не аказалася яго і ў канчатковым варыянце Закону аб беларусах замежжа, які быў прыняты і ўступіў у дзеяньне ў 2014 годзе.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык сказаў Свабодзе, што на дадзены момант у яго няма інфармацыі, ці працуе хто ў сыстэме зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі над «картай беларуса».

Беларус Алесь, эмігрант у другім пакаленьні, які жыве ў Брытаніі, кажа:

«Беларуская дзяржава не зацікаўленая, каб грамадзяне, якія зьехалі за мяжу, заставаліся і пачувалі сябе беларусамі. Беларускія эмігранты ў бальшыні сваёй дамагаюцца ўсяго самі».

Алена Макоўская

Кіраўніцтва Згуртаваньня беларусаў сьвету мае намер і на гэтым зьезьдзе зноў узьняць пытаньне аб карце ці пасьведчаньні беларуса:

«Калі мы кажам пра стварэньне прыемных умоў для беларусаў замежжа, гэта значыць, што патрэбны дакумэнт, які б пацьвярджаў, што вось гэты канкрэтны чалавек — беларус, — кажа кіраўніца МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“» Алена Макоўская. — Наяўнасьць пасьведчаньня беларуса магла б суправаджацца зьніжкамі ці адсутнасьцю кошту візы, даступнасьцю мэдычнай дапамогі нароўні з грамадзянамі рэспублікі, адменай абавязковай часовай рэгістрацыі падчас наведваньня сваякоў».

«Карта паляка» дае шмат прывілеяў і льгот

А вось суседняя Польшча яшчэ ў 2007 годзе прыняла Закон аб карце паляка. Афіцыйная мэта ўвядзеньня карты — падтрымка сваяцкіх, этнічных, моўных каштоўнасьцяў польскага народу ў краінах СНД і Балтыі. Ускосная мэта — прыцягненьне культурна блізкіх працоўных мігрантаў у Польшчу.

Каб атрымаць «карту паляка», патрабуюцца пэўныя падставы: трэба мець польскія карані, грамадзянства адной з краін СНД, валодаць мовай на базавым узроўні, мець уяўленьне пра польскую культуру. Неабходна прадставіць адпаведныя дакумэнты, прайсьці гутарку ў консула і яшчэ шмат бюракратычных працэдур.

«Але карта паляка дае шмат прывілеяў, льгот і нават матэрыяльную дапамогу. Гэта і бясплатная шматразовая віза, і легальнае працаўладкаваньне, і льготны праезд на транспарце па Польшчы, і бясплатнае наведваньне музэяў. Я разглядаю яшчэ магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю ў Польшчы», — кажа ўладальнік «карты паляка» Павал.

Вераніка, якая вучыцца ў магістратуры ў Гданьску бясплатна, атрымлівае стыпэндыю, жыве ў студэнцкім інтэрнаце, скарыстала такую магчымасьць — атрымаць эўрапейскую адукацыю:

«Мову польскую я добра ведаю, а „карта паляка“ дала мне магчымасьць паступіць бясплатна ў магістратуру ў Польшчы, маючы беларускую вышэйшую адукацыю. Я вывучаю маркетынг, атрымліваю стыпэндыю нароўні з польскімі студэнтамі, жыву ў інтэрнаце. Аб працаўладкаваньні ў Польшчы я ня думаю, хачу вярнуцца ў Беларусь. Хоць, паводле апошніх паправак у Закон аб карце паляка, пасьля 1 году пражываньня ў Польшчы маю магчымасьць атрымаць польскае грамадзянства».

У 2016 годзе былі прынятыя папраўкі ў закон аб «карце паляка». Калі ўладальнік «карты паляка» пераяжджае на сталае жыхарства ў Польшчу, ён і яго сямʼя будуць атрымліваць фінансавую дапамогу цягам дзевяці месяцаў, праз год можна будзе атрымаць грамадзянства, і г. д.

Амаль за дзесяць гадоў дзеяньня Закону «карта паляка» выдадзена 170 тысячам чалавек. Больш за ўсіх — 76 тысяч — выдадзена беларусам, на другім месцы ўкраінцы — 70 тысяч «карт паляка».

Больш за 3,5 мільёна беларусаў пражываюць за межамі радзімы. Калі лічыць нашчадкаў у трэцім пакаленьні, то ў 73 краінах сьвету можна налічыць каля 10 мільёнаў беларусаў. Абʼядноўваюць беларусаў замежжа амаль 180 арганізацый. Гэта людзі, якіх зьвязвае зь Беларусьсю жаданьне быць карыснымі радзіме, пачуваць сябе часткай беларускага грамадзтва.