Караткевіч пра свой удзел у выбарчай кампаніі: «Чаканьне дастала! Ужо час дзейнічаць»

Тацяна Караткевіч

Старшыня кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч заявіла, што будзе вылучацца кандыдатам у дэпутаты.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды яна патлумачыла прычыны такога рашэньня і выказалася наконт пэрспэктываў трапіць у Палату прадстаўнікоў.

— Чаму я вырашыла балятавацца? Гэта палітыка, і ў ёй трэба ўдзельнічаць. Нельга спыняцца, трэба працягваць. Я асабіста, наша праграма і «Гавары праўду» атрымалі вотум даверу ад людзей. І трэба намагацца, каб часткова ці цалкам наша праграма была рэалізаваная. Мы бачым сёньня, што гэта магчыма праз актыўны ўдзел у палітычнай кампаніі. Такой, як парлямэнцкая.

— Як вы ацэньваеце свае шанцы перамагчы, а таксама шанцы Андрэя Дзьмітрыева і іншых вашых паплечнікаў з «Гавары праўду»?

— У мяне пра гэта часта пытаюць. Я кажу — 50 на 50. Але мы будзем працаваць на тое, каб за намі была электаральная перамога.

— А якім чынам вы будзеце дасягаць гэтай перамогі?

— Мы цяпер рыхтуем нашу каманду кандыдатаў, якія будуць выступаць з адзінай праграмай. Мы будзем актыўна працаваць з выбаршчыкамі, як гэта вядзецца ў «Гавары праўду», перад выбарамі, падчас і пасьля іх. Сёньня электаральнай перамогі ты можаш дасягнуць, калі ты пераканаеш сваіх выбарцаў галасаваць за сябе, калі ты іх пераканаеш, што ідзеш прадстаўляць у парлямэнт іх галасы, што ў цябе ёсьць альтэрнатыўныя рашэньні для эканомікі, мэдыцыны, адукацыі. І тады яны даверацца. Мы кажам: каб ажывіць нашу палітычную сыстэму, трэба прадстаўляць альтэрнатыву і трэба актыўна ўдзельнічаць.

— То бок з тым, як лічаць галасы, праблемы няма?

— Праблема ёсьць, але адзін з мэханізмаў яе вырашэньня — гэта актыўны ўдзел, барацьба. Мы пастаянна кажам пра тыя праблемы, якія ёсьць у заканадаўстве і ў правапрымяняльнай практыцы. Але прапановы па зьмене выбарчага заканадаўства хутчэй прасоўваюцца тады, калі ты актыўна карыстаесься гэтым інструмэнтам. Па-другое, няма як чакаць! Як у Вольскага — чаканьне дастала. Ужо час дзейнічаць.

Мы лічым, што варта змагацца за перамогу. Галоўнае, каб гэты працэс скончыўся перамогай. Я лічу, што ня важна, хто з дэмакратаў пройдзе ў парлямэнт. Важна, каб гэтыя людзі былі і паказалі, што гэты шлях магчымы.

— Якія асноўныя мэты вашай перадвыбарчай праграмы?

— Мы будзем працягваць адстойваць лібэральныя зьмены ў эканоміцы, рэформу дзяржаўнага кіраваньня і лепшую сацыяльную абарону для нашых грамадзянаў.

Пра намер кампаніі «Гавары праўду» актыўна ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах 2016 году былая кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч заявіла адразу пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. 16 лістапада яна заклікала прыхільнікаў пераменаў далучацца да парлямэнцкага сьпісу «Так! За мірныя перамены».