Кампазытар Алег Моўчан «разьмеркаваў» пазоў да Насты Шпакоўскай яшчэ на трох музыкаў

Алег Моўчан

26 сакавіка адвакат кампазытара Алега Моўчана ад ягонага імя зьмяніў пазоў, які раней выставіў да лідэра і сьпявачкі гурту NAKA Насты Шпакоўскай. Другім разам пазоў быў выстаўлены ня толькі да Насты Шпакоўскай, але і да іншых музыкаў гурту, якія бралі ўдзел у новай аранжыроўцы песьні Алега Моўчана «Малітва», што кампазытар палічыў парушэньнем ягоных аўтарскіх правоў. Суд выстаўленьне новага пазову задаволіў.

Такім чынам цяпер сума пазову, якая засталася нязьменнай — гэта 18,9 мільёна рублёў — разьмеркаваная гэтак.

  • Ад Насты Шпакоўскай Алег Моўчан патрабуе 9 мільёнаў рублёў,
  • ад барабаншчыка Дзьмітрыя Харытановіча — 1,8 мільёна рублёў,
  • ад бас-гітарыста Аляксея Паўловіча і гітарыста Сяргея Шчурко — па 3,8 мільёна рублёў.

Грамадзянскі працэс па пазове кампазытара Алега Моўчана, які пачаўся ў Вярхоўным судзе 24 сакавіка, працягнецца 14 красавіка.