Каб адзецца і абуцца, гамельчукі едуць ва Ўкраіну

Чарнігаўскі чыгуначны вакзал

Жыхары памежных раёнаў Беларусі аднавілі масавыя паездкі ва Ўкраіну. Езьдзяць найперш адзецца і абуцца. Набываюць і прадукты харчаваньня, якія ў суседзяў таксама таньнейшыя.

Апошнім часам аўтаперавозчыкі нават у будзённыя дні вымушаны арганізоўваць дадатковыя аўтобусныя рэйсы ў бліжэйшы ад Гомеля ўкраінскі горад Чарнігаў.

Людзей так шмат, што плянавых рэйсаў не хапае. У гамельчукоў, выглядае, канчаткова разьвеяліся колішнія страхі, якія насаджаліся афіцыйнай расейскай прапагандай наконт сытуацыі ва Ўкраіне нават па-за зонай ваеннага канфлікту. Засталося хіба толькі адчуваньне, што самі ўкраінцы ня маюць ужо вялікага даверу да ўсходняга суседа. Яно заўважна нават у Гомелі на аўтавакзале. Білетныя кантралёры перад адпраўкай кожнага аўтобуса ва Ўкраіну пытаюцца, ці ёсьць пасажыры з расейскімі пашпартамі. Ім, каб ехаць ва Ўкраіну, патрэбны цяпер ня толькі адмысловыя пашпарты для замежных вандровак, але і запрашэньні ад украінскіх сваякоў ці знаёмых. Іначай на ўкраінскай мяжы іх проста завернуць назад.

А беларусам — дарога вольная. Зразумела, з пашпартным кантролем і мытным надглядам. Сто шаснаццаць кілямэтраў — і ўсе аптовыя склады, крамы, рынкі Чарнігава гасьцінна расчыненыя.

Гамяльчук Кірыл ня першы раз прыяжджае закупляцца на аптовыя склады, што на вуліцы Шчорса ў Чарнігаве:

«Тут ціхі і спакойны народ — ня першы раз сюды ежджу. Купляем тут курткі, таньнейшы абутак. Якасьць адпавядае кошту. Я, напрыклад, пастаянна купляю абутак і па кошце выйграю амаль у два разы. Тут ціха й спакойна, і ніякіх пытаньняў у мяне ніколі не ўзьнікала».

Бойкі гандаль у Чарнігаве пачынаецца за сто мэтраў ад вакзалу

Спадарыня Алена, якая таксама прыехала з Гомеля адзяваць у Чарнігаве дачку, кажа, што яе не палохаюць нават дарожныя выдаткі — крыху больш як 150 тысяч беларускіх на чалавека ў абодва канцы з квітком на багаж. Гэта акупляецца, бо і абутак, і адзеньне ва Ўкраіне таньнейшыя. Нават згушчонка Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбінату, прывезеная зь Беларусі, тут каштуе ўсяго толькі 23 грыўні, што адпавядае 50 цэнтам. У Гомелі бляшанка той жа згушчонкі на чвэрць даражэйшая.

Рагачоўская згушчонка — 23 грыўні на бляшанку

Яе, дарэчы, прапануюць гараджанам і прыежджым вулічныя гандляры непадалёк ад вакзалу.

Алена: «Тут, вядома, нашмат таньней. Усё».

Украінская прадавачка Натальля з Цэнтральнага рынку ў Чарнігаве ўсьцешаная, што беларусы сталі часьцей наведваць іхні горад:

«Дужа зьмянілася сытуацыя. Людзі вашы да нас едуць — з Гомеля, зь Беларусі наагул. Мы шчыра рады, што да нас прыяжджаюць. Бяруць усё — прадукты харчаваньня, адзеньне. Сытуацыя стала мяняцца ў лепшы бок месяца паўтара таму — да нас сталі езьдзіць беларусы. Да гэтага, асабліва мінулым летам, амаль ніхто ня езьдзіў».

Вулічныя гандляры

Беларускія чыгуначнікі своеасаблівым чынам адрэагавалі на зьмяншэньне пасажырскага патоку. Яны сёлета скасавалі штодзённы дызель-цягнік па маршруце Гомель — Чарнігаў — Гомель, пакінуўшы толькі суботні рэйс. І людзі пераселі на прыватныя аўтамабілі. Увечары на ўкраінскім памежным пераходзе Новыя Ярылавічы зьбіраюцца дзясяткі легкавікоў з гомельскімі нумарамі — людзі вяртаюцца з закупаў ва Ўкраіне.

Вяртаньне дадаму. Украінскі памежны пераход

Украінскі крызіс, абумоўлены вайной на Данбасе, выклікаў і прапановы па пашырэньні міждзяржаўнага гандлю. Адзін красамоўны прыклад. Калі раней Украіна сама прадавала Беларусі электраэнэргію, то цяпер беларускае Міністэрства энэргетыкі падрыхтавалася, каб пастаўляць яе пры неабходнасьці сваім паўднёвым суседзям.