Янка (Іван Андрэевіч) Філістовіч нарадзіўся 14 студзеня 1926 году ў вёсцы Паняцічы, цяпер Вялейскага раёну. Сябра Рады БНР, удзельнiк антысавецкага руху ў Беларусі, адзін зь лідэраў Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі ў Францыі.
9 верасьня 1951 г. вярнуўся ў Беларусь (быў дэсантаваны з амэрыканскага самалёта) з мэтай арганізацыі патрыятычных сілаў для барацьбы з бальшавікамі.
У 1952 г. камандаваў на Маладачаншчыне партызанскай групай, выдаў адзін нумар газэты «Жыве Беларусь!». У верасьні 1952 г. Філістовіч быў арыштаваны і расстраляны МГБ («министерство государственной безопасности», як у той час называлася колішняе НКВД. Пазьней будзе пераназванае ў КГБ).
У пачатку 1990-х актывісты дэмакратычных сілаў падымалі пытаньне рэабілітацыі Філістовіча, аднак у дасланым адказе было сказана, што падставаў для перагляду справы няма.
У цяперашні час многія беларускія гісторыкі і грамадзка-палітычныя актывісты лічаць Філістовіча героем.
Янку Філістовічу прысьвечаная кніга Аляксандра Лукашука «Вяртаньне нацыяналіста». Спампаваць яе можна тут .
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Янка Філістовіч. Вяртаньне нацыяналістаРыхтуючы ў 2015 годзе новае выданьне кнігі, Аляксандар Лукашук напісаў камэнтар, у якім адказаў на новыя спробы паставіць пад сумнеў асобу Янкі Філістовіча, у тым ліку і абвінаваціць яго ў ваенных злачынствах.
«...Цікавасьць да Янкі Філістовіча пасьля публікацыі толькі вырасла. Яго вялейскія землякі — краязнаўцы з суполкі „Край“ — прайшліся яго сьцежкамі і запісалі цікавыя ўспаміны сваякоў і суседзяў, афіцыйным гісторыкам далі некаторыя матэрыялы сьледзтва, недаступныя мне, і праз паўтара дзесяцігодзьдзя пасьля „Вяртаньня нацыяналіста“ яны паспрабавалі перамаляваць партрэт.
Рыхтуючы гэтую кнігу да друку, я прагледзеў больш-менш усё, што зьявілася на гэтую тэму за паўтара дзесяцігодзьдзя — ад публікацыў у выданьнях КГБ Беларусі, афіцыйным і незалежным друку да інтэрнэт-блогаў, а таксама ўпершыню за гэтыя гады перачытаў „Вяртаньне нацыяналіста“.
У выніку я пакінуў „культавы“ тэкст амаль бязь зьменаў, удакладніўшы некаторыя дэталі, і палічыў вартым даць шэраг спасылак, цытатаў і дакумэнтаў у зносках і ў гэтым пасьляслоўі. Яны пашыраюць кантэкст, прыадкрываюць больш складаны фэномэн героя і матывацыі яго паводзінаў і даюць асноўныя пазыцыі сучаснай палемікі, у т. л. афіцыйнай.
Спробу абвінаваціць Я. Ф. у ваенных злачынствах робіць у часопісе адміністрацыі прэзыдэнта „Беларуская думка“ дасьледнік Алег Ліцкевіч. Атрымаўшы доступ да архіву КГБ, аўтар прыводзіць новыя дэталі, друкуе невядомыя раней дакумэнты справы, удакладняе даты і месцы, зьвязаныя з службай Я. Ф. у 13-м батальёне СД — і робіць выснову, што яго расстралялі менавіта за ваенныя злачынствы. (З цытатамі з крымінальных справаў іншых асобаў, уласнымі здагадкамі, ускоснымі аргумэнтамі, але бяз простых дакумэнтальных сведчаньняў, якія б доказна выходзілі за межы тэрміну „калябарацыя“, у якой за савецкім часам вінавацілі цэлыя народы, а пра злачынства жыхарства на акупаванай тэрыторыі ў анкетах пыталіся аж да 1991 году.)
У часопісе ARCHE яму адказвае Алесь Юркавец: „Усю праўду пра беларускі пасьляваенны антысавецкі рух мы зможам даведацца толькі тады, калі гэтая тэма перастане быць полем бескампраміснага ідэалягічнага змаганьня, а ўсе архіўныя дакумэнты, якія яе датычаць, будуць выведзеныя зь ведамаснага захаваньня і стануць даступныя кожнаму дасьледніку“.
Гэта слушна, але гэта ня ўсё. Рэч ня толькі ў даступнасьці архіваў ці нават кампэтэнтнасьці і сумленнасьці дасьледнікаў — рэч у каштоўнасьцях.
Даўно ўжо і нудна і агідна чытаць аўтараў, якія ня бачаць злачынстваў і фундамэнтальнага зла савецкай улады і па-ранейшаму ацэньваюць гістарычныя падзеі ў цалкам скампрамэтаванай імпэрскай камуністычнай сыстэме каштоўнасьцяў. У сыстэме, у якой няма месца чалавеку і Беларусі.
Калі тут што і цікава, дык гэта як розьняцца ацэнкі сёньняшніх аматараў шыць расстрэльны артыкул пад выглядам гістарычнага камэнтара і меркаваньні прафэсійных супрацоўнікаў КГБ, якія ў 1952–53-м непасрэдна і канкрэтна займаліся справай Я. Ф. — дарэчы, у час, калі ў Беларусі актыўна ішло выяўленьне калябарантаў і суды над імі.
Удзельнік вайны, палкоўнік МГБ Рыгор Трапш, які вёў сьледзтва ў справе Я. Ф., дапытваў яго, сведкаў, правяраў архіўныя дакумэнты, зьвязаныя з 13-м батальёнам СД, у размове са мной летам 1993 году пад дыктафонны запіс адказаў на наўпроставае пытаньне пра ўдзел Я. Ф. у злачынствах упэўнена і без ваганьняў: „Крыві на ім няма“. Трапш лічыў, што Я. Ф. „не зрабіў нічога такога, за што можна даць расстрэл“.
Яшчэ адно сведчаньне з боку КГБ прыводзіцца ў выдадзенай у Менску ў 2006 годзе кнізе „Щит и меч отечества“, якую падрыхтаваў аўтарскі калектыў у складзе „кіраўнікоў і супрацоўнікаў падразьдзяленьняў цэнтральнага апарату КГБ, Інстытуту нацыянальнай бясьпекі і беларускай грамадзкай арганізацыі вэтэранаў КГБ «Честь»“. Частка, прысьвечаная Я. Ф., сканчаецца ацэнкай вэтэрана вайны, генэрала КГБ Івана Лысакоўскага, які асабіста браў удзел у апэрацыі захопу, а пасьля даслужыўся да намесьніка старшыні КГБ у Беларусі, да выхаду на пэнсію ў 1988 годзе шмат гадоў узначальваў вышэйшыя курсы КГБ СССР у Менску (дзе, дарэчы, вывучалі справу Я. Ф. на занятках): „І. Л. Лысакоўскі лічыў, што прысуд быў крайне суровы. На яго думку, Філістовіч ня быў ворагам беларускага народу, ён стаў ахвярай амбіцыяў лідэраў беларускіх эмігранцкіх цэнтраў“.
Чэкісты сталінскага гарту, палкоўнік і генэрал КГБ, аказаліся больш дакладнымі, аб’ектыўнымі, чым сучасны цывільны дасьледнік.
І яшчэ. Жанр мастацкага дасьледаваньня, у якім напісаны, напрыклад, „Архіпэляг ГУЛАГ“, ва ўмовах несвабоды бярэ на сябе шмат іншых функцыяў, у тым ліку гістарычнай навукі — але гэта праблема гістарычнай навукі, а ня аўтара.
Шасьцітамовы слоўнік беларускай мовы дае тры асноўныя тлумачэньні дзеяслова „вярнуцца“: прыйсьці назад у тое месца, адкуль выйшаў; зноў зьявіцца, узьнікнуць; зноў заняцца ранейшай справай.
А спрагаецца ў будучым часе ён так:
Я вярнуся Ты вернесься Ён вернецца Мы вернемся
Клічнік ці пытальнік чытач можа паставіць сам. Для аўтара, аднак, прыйшоў час кропкі».