«Нават на чарку не хапае». Як жыве Дрыбін – райцэнтар, які вырас удвая

Мы заяжджаем у Дрыбін з боку Расны на аўтобусе Магілёў — Горкі. Перад вачыма пасажыраў вісіць абяцаньне прыйсьці да перамогі камуністычнай працы.

Зьлева на ўезьдзе знаходзяцца пабудовы ААТ «Дрыбін-Агра». На падыходзе нават быў сумнеў, ці працуе тут хтосьці — выглядаюць закінутымі.

Сустракаем дзьвюх жанчын — Алу і Веру. Яны паказваюць, дзе захоўваюць збожжа, дзе кормяць цялятаў.
— Я нарадзілася ў раёне, а тут узяла шлюб і засталася. Увесь працоўны стаж — у дрыбінскім калгасе. Працую штодзень з раніцы й да вечара, — кажа Ала. У гумовых ботах, сінім плашчы і хустцы жанчына падмятала падлогу ў сьвірне, калі мы прыйшлі.

Яе начальніца дадае, што ў Дрыбіне няма ніводнага заводу — цяжка знайсьці працу і атрымліваць прымальны заробак.
— Ёсьць такі выраз — «Россия-матушка». Імкнуцца туды зьехаць на працу. Мой сын там амаль дзесяць гадоў быў — год як вярнуўся ды зьбіраецца ў Магілёве працаваць. Прэзыдэнт паабяцаў, што павінна зьявіцца шмат працы ў будаўнічай сфэры. А тут не жыцьцё, — падсумоўвае суразмоўца.

Вера Міхайлаўна дадае, што ў дрыбінскім калгасе ўсяго працуюць каля 150 чалавек. Заробкі маленькія, але плоцяць своечасова. Асноўны пакупнік — дзяржава. Вытворчасьць акупляецца.

Насупраць «Дрыбін-Агра» — новыя шматкватэрныя жылыя дамы. У прыбудове да аднаго зь іх месьціцца ПВУП «Суражэн». З 2011-га па 2015-ы тут выраблялі прадукцыю для Мilavitsa. Пазьней стварылі ўласную марку Falbone. Штат і заробкі сталі меншымі. У цэх трапіць не ўдалося. Нягледзячы на працоўны дзень, дзьверы замкнутыя.

У глыбіні жылога кварталу сустракаем Валерыя Канстанцінавіча. Ён робіць венік зь бярозы ў сваім гаражы — рыхтуецца да заўтрашняй лазьні. Мужчына нарадзіўся і жыве ўсё жыцьцё ў Дрыбіне. Працаваў кранаўшчыком, кіроўцам у ЖКГ — мае стаж 43 гады. Цяпер на пэнсіі — атрымлівае 290 рублёў, але па 150 штомесяц аддае на лекі.

— Усе прадпрыемствы, што былі, аддалі пад Горкі: зрабілі філіялы, палову людзей паскарачалі. Больш-менш зарабляць можна толькі ў ЖКГ — каля 400 рублёў. У сярэднім па Дрыбіне атрымліваюць каля 250. Жонка працуе ў гандлі: раней мела 600, цяпер тыя ж 250. Больш у Расею едуць на працу, але шмат хто ў Магілёў ці Менск. Бо на чарку нават не хапае. Ня скардзіцца, а крычаць трэба.

На разьвітаньне Валеры паказвае, што мы мусім убачыць: бліжэй да цэнтру ўжо каля 20 гадоў будуецца праваслаўная царква, але набажэнствы ў ёй ужо праходзяць. Побач яшчэ адзін даўгабуд — кінатэатар. А вось каля яго гаража — закінутая кацельня. Яе пабудавалі ў 1990-х гадах, але яна так і не запрацавала. Цяпер уся разрабаваная, нават вартаўніка прыбралі, бо няма чаго ахоўваць.

Тут жа і новая дзіцячая пляцоўка. Яе зрабілі ў пачатку верасьня на грошы ААН і Эўразьвязу.

Заходзім у мясцовую лазьню, куды зьбіраецца наш апошні суразмоўца. Будынак адчынены — штодзень тут працуе цырульня, а ў саму лазьню прыйсьці можна толькі па суботах. Кошт — 3 рублі за паўтары гадзіны.

Сустракаем цырульніцу Тацяну. Яна працуе тут 16 гадоў.
— Лазьня карыстаецца попытам. Яна добрая й танная. Прыяжджаюць зь вёсак і Горак. Па суботах таксама працуе кавярня з разьліўным півам і квасам. Людзі ёсьць заўсёды: на сэанс звычайна прыходзяць каля 50 чалавек. Штодзённая праца была б нерэнтабельнай, таму толькі па суботах. А мы стрыжом штодзень і амаль заўсёды занятыя.
Жанчына дадае, што ў Дрыбіне ў асноўным атрымліваюць па 250 рублёў. Працадаўцы імкнуцца браць не на кантракт, а паводле дамовы.

Цэнтральная частка гораду выглядае прыстойна. Усе адміністрацыйныя будынкі новыя. Яны знаходзяцца ў адным месцы, каля галоўнай плошчы. Самы вялікі — з гадзіньнікавай вежай — райвыканкам. Побач — гатэль і Дом культуры. Помніка Леніну няма.

На фоне адміністрацыйных навабудаў вылучаецца школа мастацтваў — адзін з самых старых будынкаў Дрыбіна.

— У цэлым у раёне насельніцтва скарачаецца, — кажа нам Вольга Сьцяпанаўна, якую засьпелі на ўваходзе ў Дом быту й гандлю. — Было за 13 тысяч, цяпер каля 10, а мо й таго няма. Пляны пабудаваць нейкі завод былі, але да справы не дайшло, таму працаваць асабліва няма дзе — моладзь зьяжджае адразу пасьля школы. А я скончыла менскі фінансава-эканамічны тэхнікум, прыехала ў Дрыбін па разьмеркаваньні, выйшла тут замуж ды засталася.

Дрыбін – цэнтар утворанага ў 1989 годзе раёну. Статус гарадзкога пасёлку атрымаў у сярэдзіне 90-х. Гэта й падштурхнула да разьвіцьця: за гады незалежнасьці насельніцтва тут вырасла на сто адсоткаў – і гэта самы лепшы паказьнік з усіх райцэнтраў краіны.