Горадня: Апазыцыянэрам не даверылі падлічваць галасы ва ўчастковых камісіях

Віктар Сазонаў, архіўнае фота

Ні ў Ленінскім, ні ў Кастрычніцкім раёне Горадні ніводзін прадстаўнік ад апазыцыйных партыяў ня ўключаны ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

На тэрыторыі Ленінскага раёну Горадні ў склад участковых выбарчых камісіяў быў вылучаны 21 прадстаўнік ад апазыцыйных партыяў. Паводле назіральніка ад БХК Віктара Сазонава, які прысутнічаў пры фармаваньні камісіяў, ніводнага з апазыцыянэраў у склад камісіяў не ўключылі.

Віктар Сазонаў кажа, што мае прэтэнзіі да таго, як фармаваліся камісіі:

«Улады зноў вярнуліся да старой формулы: пачалі казаць, што ў апазыцыянэраў няправільна аформленыя дакумэнты, што партыі неахайна паставіліся да вылучэньня сваіх сябраў у склад камісіяў, ізноў казалі пра досьвед працы і яшчэ нешта падобнае. Але калі я папрасіў, каб паказалі мне дакумэнты, у якіх наробленыя памылкі і якія неахайна аформленыя, то мне папросту адмовілі. З гэтага я раблю выснову, што з выбарамі можна сканчаць, паўтараецца знаёмая песьня, і што б яны ні хацелі паказаць Захаду — нічога не атрымаецца, бо ўсё робіцца па старой завядзёнцы».

На тэрыторыі Кастрычніцкага раёну ў склад камісіяў апазыцыйныя партыі вылучылі толькі 10 сябраў дэмакратычных партыяў, і таксама ніводзін зь іх у склад участковых выбарчых камісіяў не ўвайшоў. Назіральнік Раман Юргель кажа, што падчас фармаваньня камісіяў яшчэ раз зразумеў, што дэмакратычных выбараў ня будзе:

«Ясна, што гэта тыя камісіі, дзе вядзецца падлік галасоў. Але яшчэ напярэдадні здавалася, што хоць нешта зрушылася ў нашым выбарчым працэсе. Аднак — не. Вось ад КПБ — усіх уключылі, як дасьведчаных, абазнаных, прыстойных, якія ўсё зрабілі без памылак. А астатнія, аказваецца, ня ўмеюць нават запоўніць звычайныя анкеты або падаюць фальшывыя зьвесткі. Шкада, што гэты этап выбарчай кампаніі заканчваецца менавіта так…»