У БДУ адхрысьціліся ад выкладчыка, які зьняважыў Барадуліна і Быкава

Аляксандар Гарашчэня, фота з асабістага сайта

Загадчыца катэдры кіраваньня нерухомасьцю Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тацяна Барздова паведаміла Свабодзе, што дырэктар агенцтва «Акадэм-нерухомасць» Аляксандар Гарашчэня не зьяўляецца штатным выкладчыкам катэдры, а прыцягваецца для выкладаньня як «пагадзінавік».

Пазаштатны выкладчык катэдры кіраваньня нерухомасьцю Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і ўласьнік агенцтва нерухомасьці «Акадэм-нерухомасьць» Аляксандр Гарашчэня на Facebook зьневажальна выказаўся пра паэта Рыгора Барадуліна, назваўшы яго «нацысцкай сволаччу», бо той належаў да Партыі БНФ.

У інтэрвію «Нашай Ніве» Гарашчэня пацьвердзіў свае словы і дадаў, што тое самае думае і пра пісьменьніка Васіля Быкава – той таксама быў фронтаўцам.

Галоўны ўваход у БДУ, архіўнае фота

Тацяна Барздова кажа, што ўжо было вельмі шмат абуральных званкоў, што людзі вельмі эмацыйна выказваюцца наконт зьняважлівых выказваньняў у адрас народнага паэта Рыгора Барадуліна, а таксама Васіля Быкава:

«Безумоўна, гэта недапушчальныя, антыбеларускія выказваньні для выкладчыка ўнівэрсытэту. Не павінен такога сабе выкладчык дазваляць».

Глеб Лабадзенка, архіўнае фота

Грамадзкі актывіст, заснавальнік курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка выказаў сваё абурэньне і сказаў, што будзе змагацца ўсімі прававымі мэтадамі, каб пакараць Гарашчэню:

«Я перакананы, што такія рэчы трэба спыняць прынамсі тымі мэтадамі, якія нам дасяжныя. З пасады дырэктара агенцтва нерухомасьці мы яго наўрад ці здымем, але тое, што ён не павінен зьяўляцца перад студэнтамі, для гэтага зробім усё. Я дашлю запыт у Генэральную пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку гэтай сытуацыі. Калі гэта падпадае пад нейкі пункт закону, справа пойдзе далей. Але розгалас ужо ёсьць, і вельмі добра, што ў нас людзі так эмацыйна рэагуюць на такія рэчы. Бо ёсьць думка, маўляў, “падумаеш, нехта штосьці ляпнуў, навошта зьвяртаць увагу…” А тут зьвяртаюць увагу! Літаральна ўчора ў іншай сацыяльнай сетцы – «УКантакце» – гэты ж самы Гарашчэня зьняважліва выказаўся пра Радзівілаў.

Пра што сьведчаць такія выказваньні? Што гэта чалавек з абсалютна нулявым узроўнем культуры, з дрэннай адукацыяй. У нас у вёсцы пра такіх кажуць: «Прабіўся». Стаў дырэктарам агенцтва, а ў самога веды і культура ніжэйшыя за плінтус. Я і да загадчыцы катэдры зьвярнуўся з просьбай ня толькі правесьці зь ім гутарку, але каб такога чалавека і блізка не дапускалі да студэнтаў. Я, вядома, адпраўлю лісты і рэктару, і прарэктару, і ў Генпракуратуру, каб яны адрэагавалі на гэта. Але я не хачу, каб абышлося толькі гутаркай кшталту: «Больш, Саша, так не кажы». Я перакананы, што такога чалавека проста нельга дапускаць да студэнтаў».