Як жыве горад каля лініі фронту ва Ўкраіне, дзе няма ацяпленьня і сьвятла, але застаюцца людзі. ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Рэпартаж тэлеканалу «Настоящее время» з Данецкай вобласьці Ўкраіны

Яшчэ адзін горад Данецкай вобласьці ператварыўся ў горад-прывід.

Рэпартаж тэлеканалу «Настоящее время», як жыве горад каля лініі фронту ў Данецкай вобласьці Ўкраіны, дзе няма ацяпленьня і сьвятла, але яшчэ застаюцца людзі.

Яшчэ адзін горад Данецкай вобласьці ператварыўся ў горад-прывід. Гэты населены пункт побач з Дабрапольлем. На вуліцах нікога няма. Разьбітыя дамы. У іх няма электрычнасьці і ацяпленьня. Мікалай і дзьве яго суседкі — з тых нямногіх, хто ня зьехаў.

«У нас няма нічога, ні сьвятла, ні сувязі, нічога няма, мы выжываем, як можам. У кватэры восем градусаў цяпла», — распавядае мужчына.

Электрычнасьць у горадзе зьнікла два тыдні таму, а на вуліцы да 20 градусаў марозу. Мікалай расказвае, што яго жонка мае патрэбу ў інсуліне, і ён заканчваецца:

«Жонка наогул замярзае, тым больш заўтра ёй трэба выпісаць інсулін, сувязі няма, я ня ведаю, як гэта зрабіць. Яна інсуліназалежная. Інсулін заканчваецца. Як выжываць, я не ведаю».

У дамах шмат пустых кватэр з расчыненымі вокнамі. У многіх засталіся мэбля, адзеньне і нават вазоны з кветкамі. Яшчэ тры дні таму ў горадзе працаваў «Пункт нязломнасьці». Мікалай паказвае да яго дарогу, а па дарозе праводзіць экскурсію:

«Вось наша падстанцыя была». Менавіта пасьля ўдару па ёй у горадзе зьнікла электрычнасьць.

«Гэта быў будынак паліцыі, а гэта была крама, — працягвае паказваць на разбураныя будынкі Мікалай. — Царква новая, патрапілі ў новую царкву, глядзіце. Можаце паздымаць, купалы, бачыце, якія разьбітыя. Так шкада. Гадамі будавалі, толькі зрабілі. І ўсё. Вось такая сытуацыя, што я магу сказаць».

Усе гэтыя будынкі разьбілі расейскія авіябомбы ці ракеты, кажа Мікалай. Да фронту недалёка. Падчас размовы дэтэктар дронаў фіксуе вельмі блізкі сігнал, і трэба хутчэй сыходзіць з адкрытай прасторы.

Мікалай распытвае, што чуваць пра мірныя перамовы. Хоча, каб дамовіліся. Але, максымалісцкія ўмовы Расеі яму не падабаюцца:

«Ці не зашмат яна жадае? Яна бярэ Пакроўск ужо паўтара гады. Усю Ўкраіну? Х*й ёй, а ня ўсю Ўкраіну».

Вуліцу, на якой разьмешчаны «Пункт нязломнасьці», тэлеканал не паказвае дзеля мэтаў бясьпекі. Мікалай кажа, што мінулы пункт расейскае войска разбамбіла. А гэты цяпер зачынены.

«Пункт нязломнасьці, калі ласка. Але, яго няма як такога. Мы нязломныя самі ўсе. Мы самі жывучыя, — кажа Мікалай. — Я выжываў у Афгане, хлопцы, я выжываў у такіх умовах, што наогул, гэта яшчэ нармальна. 45 гадоў прайшло — і зноў выжываю. Ну, нічога, выжывем. Жонку шкада, што яна замярзае моцна».

Разьвітваючыся, Мікалай адказвае на пытаньне, пра што марыць:

«Ежы, вядома, вось поўна. Давалі гуманітарку, нармальна ўсё, тушонку. Наконт ежы нармальна ўсё. Міру хочацца. І цяпла трошкі. Цяпла, цяпла галоўнае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Горад ператварыўся ў суцэльную трасу дронаў». Рэпартаж з ускраін Канстанцінаўкі, куды спрабуе наступаць войска Расеі. ВІДЭА