Праект „Газпрома“ выглядае як нейкая авантура, — архітэктар Пракопчык

Будаўніцтва разьвязкі і офіса Газпрома ў Менску

На месцы былога сталічнага аўтавакзалу «Маскоўскі», на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і Філімонава, поўным ходам будуюць шматфункцыянальны комплекс для ААТ «Газпром трансгаз Беларусь», даччынай кампаніі расейскага «Газпрома».

Але толькі днямі галоўны праектант — Cанкт-Пецярбурскае канструктарскае бюро вышынных і падземных збудаваньняў (ВіПЗ) — атрымаў станоўчае заключэньне дзяржаўнай экспэртызы на праект будаўніцтва.

Што праектанты абяцаюць узьвесьці на месцы «Маскоўскага», як піцерскі праект ацэньваюць беларускія архітэктары?

Згодна з праектам, на месцы былога аўтавакзалу «Маскоўскі» на тэрыторыі 8,3 гектара мае зьявіцца шматфункцыянальны комплекс плошчай 260 тысяч квадратных мэтраў. Гэта 10 будынкаў: офісы, гатэль з кангрэс-цэнтрам, спартыўны комплекс, мэдычны цэнтар. Пры гэтым самі структуры «Газпрома» зоймуць ня больш за 10% усіх плошчаў.

Цэнтрам кампазыцыі стане офісны будынак для кампаніі «Газпром» вышынёй 189 мэтраў. Гэта будзе самы высокі гмах беларускай сталіцы з двума падземнымі і 36 надземнымі паверхамі (для параўнаньня: вышыня менскага жылога хмарачоса «Ветразь» разам са шпілем — 133 мэтры). На самым версе празрыстай шматграннай вежы разьмесьціцца шматузроўневая рэстарацыя з агляднай пляцоўкай.

Акрамя таго, будзе пабудаваны чатырохузроўневы паркінг. Забудоўшчык таксама павінен будзе правесьці добраўпарадкаваньне бліжэйшых тэрыторыяў. Канструктарскае бюро «ВіПЗ», у сваю чаргу, будзе ажыцьцяўляць аўтарскі нагляд па праекце.

На 2013 год агульны кошт будаўніцтва комплексу ацэньваўся прыкладна ў 500 мільёнаў даляраў. Завяршыць будоўлю заплянавана да 2018 году.

На пытаньне, чаму праект такога амбітнага комплексу распрацоўвала прыватнае бюро менавіта з Санкт-Пецярбургу, начальнік праектнага аддзелу «Газпром трансгаз Беларусь» Міхаіл Гаўхфельд адказаў, што менавіта КБ «ВіБЗ» выйграла конкурс, у якім бралі ўдзел 6 праектных арганізацыяў. Тое, што будоўля комплексу пачалася задоўга да таго, як было атрымана станоўчае заключэньне дзяржэкспэртызы, Міхаіл Гаўхфельд патлумачыў такім чынам:

«Экспэртыза — гэта ўжо канчатковы этап. Да экспэртызы, як любы аб’ект, асабліва такі значны, аглядаюць усе інстанцыі — Камітэт па архітэктуры і горадабудаваньні, санітарныя службы, ДАІ, іншыя, ідзе ўзгадненьне ўсіх інжынэрных камунікацыяў — працэдура складаная, шматступенная. Усё адбываецца па беларускай нарматыўнай базе і згодна зь беларускім заканадаўствам. Пакуль ніякіх адхіленьняў ад прынятай канцэпцыі няма».

У цэнтры Менску апошнім часам зьявілася шмат будынкаў і архітэктурных комплексаў, якія выклікаюць неадназначную рэакцыю ў грамадзтве: так званы «Дом Чыжа» ў Траецкім прадмесьці, гатэль побач з цыркам на тэрыторыі парку імя Горкага, незавершаная будоўля «Dana Mall» і бізнэс-цэнтру каля Нацыянальнай бібліятэкі.

У кастрычніку павінны дабудаваць буйны дзелавы і гандлёва-забаўляльны комплекс — Dana Mall и Dana Center, які ўзводзіць сэрбская кампанія Dana Holdings. І ўжо відавочна, што доўгі ярка-чырвоны будынак, які нагадвае ангар, зусім не падобны да таго, які значыцца ў праекце і нават намаляваны на агароджы.

Радыё Свабода спрабавала высьветліць, ці мае ўплыў на забудову беларускай сталіцы Камітэт па архітэктуры і горадабудаўніцтве Менгарвыканкаму, ці ўсё аддадзена на водкуп замежным кампаніям, якія будуюць?

Даведацца зь першых вуснаў — запытацца наўпрост у старшыні Камітэту па архітэктуры Паўла Лучыновіча — не ўдалося. Нягледзячы на ўзгадненьне і дазвол кіраўніка прэс-службы Менгарвыканкаму, сакратарка, якая назвалася Аляксандрай Аляксандраўнай, з галоўным архітэктарам сталіцы Паўлам Лучыновічам так і не злучыла:

«У сэнсе — якую ролю мае беларускі бок? Павал Сяргеевіч на такія пытаньні не адказвае. Ён сказаў, даведацца, якое ў вас пытаньне, і злучыць. Па вашым пытаньні ні зь якім спэцыялістам я вас злучыць не магу. Мы дзейнічаем у межах адміністрацыйных працэдур. Мы — узгадняльны орган. Калі вас цікавіць, на якой падставе дзяржэкспэртыза ўхваліла праект, трэба тэлефанаваць у экспэртызу. Камітэт архітэктуры дзейнічае ў межах закону».

На жаль, так і не ўдалося высьветліць у галоўнага архітэктара сталіцы Паўла Лучыновіча, ці падабаецца яму ўвасабленьне праекту сэрбскай кампаніі Dana Holdings і піцерскі праект шматфункцыянальнага комплексу «Газпрома».

Начальнік праектнага аддзелу «Газпром трансгаз Беларусь» Міхаіл Гаўхфельд таксама адмовіўся даць ацэнку гэтым праектам.

Вадзім Пракопчык

Архітэктар Вадзім Пракопчык наконт ухваленай канцэпцыі забудовы «Газпрома» ў Менску, распрацаванай санкт-пецярбурскім канструктарскім бюро «ВіПЗ», выказаў такое меркаваньне:

«Я думаю, што гэта першапачаткова быў такі амбітны праект, і праект палітычны. Зь якой мэтай трэба будаваць вялікі-вялікі офіс „Газпрома“ ў Менску? Мяркую, што гэта быў такі палітычны парыў. А потым грошы скончыліся, зусім сыходзіць немагчыма, я так разважаю. Але такое пакідаць...

Такое ўражаньне, што гэты праект рабілі студэнты трэцяга курсу. Анансаваная першапачаткова ігла ў неба невядомай вышыні ператварылася ў нейкі брусочак-абрубачак. Кампазыцыя гэтых будынкаў зусім незразумелая. Добраўпарадкаваньне ўнутранага дворыка наагул анэкдатычнае. Да таго ж мы атрымаем на гэтым скрыжаваньні адразу тры будынкі, якія прэтэндуюць на тое, каб быць галоўнымі.

З гатэлем „Кемпінскі“ каля цырку была абсалютна іншая сытуацыя — спачатку падавалі, што будынак будзе ніжэйшы, а атрымаўся будынак, які ў разы вышэйшы. А тут наадварот усё: анансавалі як нешта высачэзнае, а што будзе ў жыцьці і ці будзе наагул — калі ў Маскве ўжо адмаўляюцца будаваць свае „Сіці“ — незразумела. Выглядае гэта як нейкая авантура. Карацей, усё гэта вельмі сумна».