Фарэры: амаль незалежны архіпэляг, дзе авечак утрая больш, чым людзей. ФОТА

Закінуты ў акіянічнай пустэльні Фарэрскі архіпэляг — бадай, адзін з апошніх нязьведаных куткоў на мапе Эўропы. І прычына ня толькі ў аддаленасьці ад марскіх і паветраных шляхоў, а ў сьвядомай ізаляцыі абарыгенаў. Каб стаць госьцем на выспах, давядзецца вытрымаць нямала бюракратычных працэдураў.

Прадмет чорнай зайздрасьці сэпаратыстаў

Юрыдычна Фарэры ўваходзяць у склад Каралеўства Даніі, але на практыцы маюць шырокую аўтаномію, якой пазайздросьціць любы сэпаратыст. Пабываўшы пад заступніцтвам розных каронаў, фарэрцы адстаялі права на мову, сьцяг, герб, гімн, грошы ды іншыя прыкметы этнічнай самадастатковасьці. Тут ёсьць парлямэнт, прэм’ер-міністар і ключавыя ведамствы: міністэрствы замежных спраў, эканомікі і фінансаў, культуры і адукацыі, рыбнага промыслу і гандлю ды іншыя.

Сьцяг Фарэрскіх выспаў

Сёлета ў чэрвені споўніцца 100 гадоў сьцягу «Мэшчы» (Merkið). Ён захоўваецца ў лютэранскай царкве вёскі Фам’ін (Fámjin) на высьпе Сувурай (Suðuroy). Эскіз у 1919 годзе распрацаваў студэнт Енс Лісбэрг, родам з гэтых мясьцінаў. Але толькі пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны штандар са скандынаўскім крыжам стаў афіцыйным сымбалем Фарэраў.

Незалежны характар мясцовыя дэманструюць па сёньня. Ня ставячы пад сумнеў сваю эўрапейскасьць, на рэфэрэндуме 1972 году яны не падтрымалі імпэт мэтраполіі адносна сяброўства ў Эўразьвязе — інкарпарацыя ўшчамляе нацыянальныя інтарэсы. Гаворка пра квоты, якімі Брусэль абкладае ўдзельнікаў агульнага эканамічнага рынку: слухаць загады, колькі і калі ім можна здабываць, патомныя рыбакі палічылі зьдзекам. Рыба для фарэрца — і асноўная ежа, і галоўны артыкул экспарту.

Мабільны рыбалавецкі флёт

На выспах дзейнічае візавы рэжым, Шэнгену недастаткова. Праўда, на ўнутраных рэйсах з Капэнгагену ніякага кантролю — ні пашпартнага, ні мытнага. Тым ня меней ад афармленьня дазволу на ўезд турыстаў ніхто не вызваляў. Наадварот, адрозна ад іншых кансулятаў, патрэбна шмат розных суправаджальных дакумэнтаў, ажно да каляровай копіі кожнай старонкі пашпарта.

У Беларусі няма амбасады Даніі, толькі візавы цэнтар. Там паперы прымаюць і адсылаюць у Маскву, працэдура разгляду займае да месяца. Выніковыя выдаткі: віза — 60 эўра, камісія цэнтру — 30 эўра, паслугі кур’ера — 10 эўра. Агулам — 100 эўра на чалавека.

Самалёт паркуецца пад вокнамі аэрапорту

Нават крыўдна, што па прылёце ў мініятурны аэрапорт Воар (Vágar), абсталяваны на месцы брытанскага вайсковага лётнішча, ваш гераізм ніхто не ацаніў. З самалёта, які паркуецца проста пры дзьвярах будынка, пасажыры ідуць у невялікі багажны адсек і адтуль без усялякай замінкі на выхад — адразу да галоўнай дарогі, якая зьвязвае «аграгарадкі» Міўаўар і Сэрваўар (Miðvágur, Sørvágur).

Тут усё трымаецца на ўзаемным даверы. Жыльлё і машыны не зачыняюцца, ніхто не турбуецца за пакінуты пры краме ровар, і нават згублены кашалёк абавязкова знойдзе свайго гаспадара. Гэта ж тычыцца афармленьня квіткоў і багажу на зваротны рэйс: працэс рэгістрацыі аўтаматызаваны, роля чалавека зьведзеная да мінімуму. Фарэрская віза ў беларускім пашпарце так і засталася непагашанай.

Вечаровыя краявіды гарадку Міўаўар

Падобныя да жыхароў беларускай глыбінкі

Фарэры — гэта амаль два дзясяткі стромых вульканічных выспаў ды стромкіх скалаў на «зьліве» Атлянтычнага і Паўночнага Ледавітага акіянаў. 17 зь іх больш ці менш абжытыя. 300 дзён на год над імі вісіць туман ды лье дождж, які ў любы момант гатовы перайсьці ў град і сьнег. А шквалісты вецер — самая звыклая са стыхій — спыняецца, каб толькі набрацца новых сілаў. Паколькі ніводнае дрэва ня вытрымала б такога напору, замест лясных масіваў тут — трава, мох, лішайнікі, прыземныя сухастоі арктычнай вярбы і ядлоўца.

У асобных камунах — у абароненых ад скразьнякоў анклявах — штучна высаджаныя лапікі хвойных зь вялікай зямлі. Там абавязкова будзе стаяць таблічка, каму дзякаваць за добрую справу з просьбай берагчы бясцэннае багацьце. Зрэшты, пра наўмысную шкоду ніхто і не падумае.

Бязьлесыя краявіды Фарэраў

У геаграфічным трохкутніку паміж Ісьляндыяй, Шатляндыяй і Нарвэгіяй жывуць 50 тысяч чалавек (яшчэ 30 тысяч лічаць сябе фарэрцамі за мяжой). Насельніцтва ўвесь час прырастае — на 12 тысяч ад 1970 году. Прычым не мігрантамі (клімат на аматара), а за кошт натуральных працэсаў. Пра гэта кажуць і лічбы нацыянальнага складу: 91% жыхароў — фарэрцы, 3% — датчане, 0,5% — ісьляндцы, далей — у межах арытмэтычнай хібнасьці.

Нават некалькіх дзён на выспах дастаткова, каб пабачыць, наколькі шмат тут дзяцей-школьнікаў і падлеткаў-студэнтаў. Таму ня дзівіць і афіцыйная статыстыка: сярэдні ўзрост — 35 гадоў пры працягласьці жыцьця 80 гадоў у мужчын і без малога 84 гады ў жанчын.

Вясковыя клопаты жыхароў Чышчубэвура

Суровыя ўмовы зьядноўваюць, а побыт у абмежаванай прасторы фармуе нацыянальны характар. Міжволі ловіш сябе на думцы, што мясцовы люд падобны да жыхароў беларускай глыбінкі: не сапсаваныя цывілізацыяй, затое ў гармоніі з прыродай. Простыя, адкрытыя, у чымсьці наіўныя. Як у дзяцінстве ў вёсцы, дзе адзін да аднаго ходзяць, не папярэджваючы, а размова завязваецца бяз дай прычыны.

Толькі тут лякальнасьць яшчэ мацнейшая. Па прозьвішчах можна вылічыць, зь якой выспы чалавек і колькі «зарубак» на ягоным генэалягічным дрэве. Напрыклад, у вёсцы Чышчубэвур (Kirkjubøur), 1000 гадоў таму заснаванай вікінгамі, у адным з дамоў гаспадарыць 17-е пакаленьне роду Патурсанаў. Радавод шануюць і ведаюць да глыбокіх каленаў.

Дом, у якім жыве 17-е пакаленьне сям’і Патурсанаў

Манахі бяз спрэчак саступілі вікінгам

За сваю гісторыю купка выспаў у паўночнай Атлянтыцы пераходзіла да нарвэжцаў і датчанаў, нейкі час кароны нават панавалі супольна. На пачатку Другой усясьветнай вайны на стратэгічны архіпэляг замахнулася Нямеччына, але Гітлера апярэдзіў Чэрчыль — брытанскую акупацыю фарэрцы згадваюць з удзячнасьцю. Сёньня ў грамадзтве моцныя незалежніцкія настроі, і наўрад ці стане сэнсацыяй, калі ў агляднай будучыні Фарэры заявяць пра поўны сувэрэнітэт.

Яшчэ ў VIIІ стагодзьдзі першымі ступілі на бязьлюдныя выспы ірляндзкія манахі. Зрэшты, за выключэньнем марскіх птушак, слухаць іх казаняў не было каму — ніхто не сьпяшаўся прапісацца ў «аэрадынамічнай трубе». Місіянэры бязь лішніх слоў зьняліся зь месца, як толькі іх папрасілі вікінгі — скандынаўскія воіны-мараплаўцы, якія ў ІХ стагодзьдзі пераарыентавалі свае набегі на захад.

Жыльлё першых пасяленцаў

Паколькі манахі патомства пасьля сябе не пакідалі, лягічна, што фарэрцы — беспасярэднія спадкаемцы плямёнаў, якія насялялі цяперашнія Нарвэгію, Швэцыю, Данію.

Чым парушылі дзікую ідылію і адны, і другія, дык гэта авечкамі (Фарэры з дацкай так і перакладаюцца — авечыя выспы). Непатрабавальныя да клімату і непераборлівыя ў рацыёне, хатнія гадаванцы пачалі пладзіцца ў геамэтрычнай прагрэсіі — цяпер іх утрая больш за людзей. Пад уплывам кліматычных фактараў утварылася новая парода: буйнейшая, тлусьцейшая і больш калматая за суродзічаў. Статкавага інстынкту ў іх няма — пасьвяцца паасобку. І здольныя прадэманстраваць майстар-кляс альпінізму — зь ягнятамі спакойна ходзяць на краі бездані. Не выпадкова бясстрашнае парнакапытнае заняло месца на гербе.

Авечка фарэрская, самастойная

А вось іншая фаўна не прыжылася — ні каровы, ні сьвіньні, толькі зрэдку трапляюцца невысокія валасатыя конікі. На фэрмэрскіх падворках часам гагочуць гусі ці кудахчуць куры, але «толькі для сябе». Земляробства няма: на халодных каменных глыбах ураджаю не дачакаесься. З гэтай прычыны Фарэры залежныя ад зьнешняга сьвету. Харчовы асартымэнт, за выключэньнем вытворных рыбы і авечак, імпартуецца зь вялікай зямлі. Тое самае з драўнінай, абсталяваньнем, нафтапрадуктамі.

Усё гэта адбіваецца на цэньніках. Жыцьцё на выспах на траціну даражэйшае, чым у той жа Даніі, хоць мэтраполія сама б’е рэкорды па коштах. Паўтаралітровая кола — 5 даляраў, 0,33 літра піва — 4 даляры, паўлітра малака — 3 даляры, бохан хлеба — 2 даляры. Аматарам «зьмія» зусім цяжка. Толькі ў чатырох месцах на ўсе выспы ёсьць спэцкрамы, дзе прадаецца гарэлка, віно і «моцнае» (ад 2,8 градуса) піва. І захацеў бы сьпіцца, ды ня хопіць рэсурсаў.

Конь фарэрскі, мініятурны

Досыць дарагія міжгародні транспарт, паромы і верталётнае злучэньне — як і ўласна авіяквіткі на Фарэры, куды лоўкосты не далятаюць. Але пры гэтым у сталіцы Торсгаўн (Tórshavn) і прыгарадах аўтобусы абсалютна бясплатныя.

Сталічны статус з налётам правінцыйнасьці

Торсгаўн (са старажытнаскандынаўскай — гавань бога Тора), хоць і мае сталічны статус, насамрэч тая ж вёска, толькі большая за іншыя. Тут жыве 13 тысяч чалавек, з бліжэйшым прыгарадам — 20 тысяч. Памер тыповага беларускага райцэнтру. Асаблівага лоску няма, затое кампактна і функцыянальна. Чатыры сьвятлафоры на ўсю транспартную інфраструктуру, пераважна адна- і двухпавярховыя рознакаляровыя дамы (сучасныя пабудовы стылізуюцца пад традыцыйныя формы).

Сьвяты Олаф перад лютэранскай царквой

Дамінантай узвышаецца нязвыклага выгляду лютэранская царква са сьвятым Олафам на ўваходзе — гэта галоўны ахоўнік мараплаўцаў і асноўны герой лютэранскіх летапісаў.

Палітычнае жыцьцё сканцэнтраванае на паўвысьпе Тынганэс (Tinganes), абжытай вікінгамі ў ІХ стагодзьдзі. У аўтэнтычных пабудовах, якія складалі абаронча-гандлёвую цытадэль, думаюць пра фарэрцаў дзяржаўныя мужы. Нельга не прыйсьці ў замілаваньне, прачытаўшы на сьціплай таблічцы, што гэта офіс прэм’ер-міністра Аксэля Вільгэльмсана Юганэсэна. Свае ўрадавыя апартамэнты ён дзеліць зь міністрамі фінансаў і працы, а таксама індустрыялізацыі і транспарту. У стылізаваным навабудзе разьмясьцілася Міністэрства замежных спраў. Ні аховы, ні сэк’юрыці.

Рэзыдэнцыя кіраўніка ўраду і ключавых міністраў

Наагул зьдзівіла, што за тыдзень на архіпэлягу не сустрэўся ніводзін чалавек у мундзіры. Сапраўды, каго пільнаваць, калі няма злачыннасьці? На тэрыторыі былой брытанскай базы абсталяваная турма зь пяцізоркавым відам на акіян. Яна практычна пустуе. Ніхто ня хоча патрапіць у паліцэйскія зводкі: імя парушальніка адразу разьнясуць па ваколіцах, сораму не абярэсься.

Малы Торсгаўн мае ўсё, што патрэбна асьвечанай сталіцы: унівэрсытэт, каледжы, школы, спартыўныя пляцоўкі. І гэта тое месца, пра якое бязь ценю іроніі скажаш — «чысты горад». Фарэрцы ў прынцыпе ня сьмецяць і зь вялікай ахайнасьцю ставяцца да прыроднага багацьця.

Торсгаўн. Панарама сталіцы

Нават бяз значнай прамысловасьці валавы ўнутраны прадукт тут набліжаецца да 2,5 мільярда даляраў — больш як па 45 тысяч на кожнага жыхара. Самы буйны аб’ект — суднарамонтны завод, бяз чоўна фарэрцу ніяк. Плюс ласасёвыя фэрмы, а таксама поўны цыкль перапрацоўкі воўны.

50 тысяч чалавек пабудавалі сваю малую цывілізацыю на скалах, прадзіманых з усіх бакоў акіянскімі вятрамі. Доказ таго, што не ў мільёнах носьбітаў пэўнай этнічнасьці вымяраецца годнае месца ў сьвеце.

Пабудовы ў стылістыцы 1000-гадовага дойлідзтва

Асабліва цікава трапіць у фарэрскую вёску. Цацачныя дамкі зь дзірвановымі дахамі — мілата для вока. Але ў ёй ёсьць і практычны складнік.

Тыповы фарэрскі дом

Па-першае, такая страха робіцца цяжэйшай, і гэта не дае парывістаму ветру яе сарваць. Па-другое, лепш захоўвае цяпло, чым прыгожая, але малаэфэктыўная дахоўка (пра беларускі шыфэр сьціпла прамаўчым). Ну, і па-трэцяе, гэта проста незвычайна. Нават сучасныя будынкі прамысловага ды сацыяльнага прызначэньня крыюць па-дзедаўску — сотнямі квадратных мэтраў дзірвану.

Жытло першых фарэрцаў выглядала аскетычна: складзеныя з каменя прыземістыя «шале» зь нізкім уваходам і бяз вокнаў — хоць неяк утрымаць плюсавую тэмпэратуру (і праз 1000 гадоў тыя міні-крэпасьці захаваліся ўздоўж акіянічнага ўзьбярэжжа). Толькі ў пазьнейшыя вякі, як наладзілася ўстойлівая сувязь са Скандынавіяй, на выспы пачалі завозіць драўніну.

Вёска вікінгаў Чышчубэвур (Kirkjubøur)

Спачатку дамы зь бярвеньня былі прэрагатывай заможных фэрмэраў, але сёньня такую раскошу можа сабе дазволіць кожны. Палацаў няма, бо пытаньня абагрэву з парадку дня ніхто не здымаў. Дый не ў характары фарэрцаў выпячваць сваю перавагу перад суседам.

Які б ні быў глухі раён, неахайных ці напаўразваленых хатаў ня ўбачыш. Кожны дамок заслужана прыцягвае ўвагу дагледжанасьцю і стылёвай вытрыманасьцю. Клясычны варыянт — чорныя прагудроненыя сьцены (злавіць максымальную колькасьць рэдкіх сонечных промняў), чырвоныя ці белыя вокны і яркія дзьверы. Зрэшты, з новымі тэхналёгіямі фарбаваць можна, як хопіць фантазіі. Часьцяком сустракаецца росьпіс пад руны вікінгаў.

Ізаляваная вёска на высьпе Мічынэс (Mykines)

Стандартныя фарэрскія вёскі — ад некалькіх дзясяткаў да сотняў жыхароў, якія займаюцца пераважна авечкагадоўляй і рыбалоўствам. Усіх «мэгаполісаў» — 13-тысячнік Торсгаўн і 5-тысячны Кляйксвуйк (Klaksvík). Ёсьць паселішчы зусім сьціплыя, некаторыя выспы заселеныя толькі парай «пустэльнікаў». Сцэнар суіснаваньня ідэнтычны: блізкія адносіны, незалежна ад сацыяльнага статусу. Любое сямейнае сьвята — нагода сабрацца ўсёй вёскай. А як хто памрэ, паведамляюць у навінах.

Дзікае паляваньне як спосаб падвысіць самаацэнку

Пры ўсё дружалюбнасьці і гасьціннасьці, у глыбіні душы фарэрцы захавалі нешта ад продкаў-вікінгаў. Напрыклад, начыста ігнаруюць крытыку зоаабаронцаў, якая суправаджае штогадовы рытуал забойства чорных дэльфінаў сямейства грында — іх яшчэ называюць круглагаловымі кітамі. Вырастаюць яны да 6–8 мэтраў і маюць чалавечую працягласьць жыцьця.

Адна з бухтаў на Воары, дзе саджаюць на мель кітоў

Цягам лета на выспах можна назіраць крывавы абрад «Грындадроап», ахвярамі якога становяцца да 1000 малых кітоў. Спрадвек пасьля зьяўленьня патомства ў цёплых водах экватару статкі на чале з важакамі рушаць адным і тым жа маршрутам на кармёжку ў Арктыку. Каля Фарэраў рыбакі іх перахопліваюць і скіроўваюць у ф’ёрды, дзе саджаюць на мель — урадам вызначаныя два дзясяткі адмысловых месцаў для промыслу, здабыча ў адкрытым акіяне забароненая.

Раней кітоў забівалі гарпунамі, што гарантавала ім пакутлівую сьмерць, цяпер жа выкарыстоўваюць адмысловыя нажы, якімі пераразаюць артэрыі ў аснове галаўнога мозгу. Жывёліна хутка памірае, трацячы шмат крыві. Удзельнічаюць у «шоў» усе: ад мужчын у якасьці загоншчыкаў і забойцаў да жанчын з малымі дзецьмі, якія назіраюць за дзеяй зь берагу.

Трафэйныя грынды

У сэзонную міграцыю кітоў продкі фарэрцаў карысталіся магчымасьцю затарыцца мясам ды тлушчам на многія месяцы. Сёньня пытаньне харчовай бясьпекі ня першаснае, аднак, як і сотні гадоў таму, мяса соляць, вяляць, сушаць і ядуць. Ні на продаж, ні на экспарт яно не ідзе. Да таго ж гэта складнік адвечнай культуры: мужчыны вераць, што ўдзел у кітабойных баталіях дадае сілы і веры ў сябе.

Трывога зялёных наконт падобнага барбарства зразумелая, але перабольшаная. Папуляцыя кітоў у паўночнай акваторыі вагаецца ў межах 150 тысяч галоў, адпаведна, шкода, якую ёй наносяць фарэрцы, — меншая за 1%. Статак хутка аднаўляецца, парушэньне экалягічнай раўнавагі не зафіксавана. Хоць выглядае, што нідзе ў сьвеце няма афіцыйна ўхваленага ўладамі перасьледу прадстаўнікоў аднаго віду дзікай прыроды.

Ласасёвая фэрма

Цяжка знайсьці іншую краіну, якая б настолькі залежала ад рыбнага промыслу: морапрадукты складаюць 99% ад агульнага аб’ёму экспарту. Дзеля захаваньня прыроднага балянсу рэглямэнтаваны толькі вылаў ласося — у горных азёрах багата фэрмаў, дзе каштоўныя гатункі вырошчваюцца ва ўмовах, набліжаных да прыродных.

Дарэчы, афіцыйны Капэнгаген раз-пораз крытыкуе Торсгаўн за непераборлівасьць у выбары гандлёвых партнэраў. Фарэры не падтрымалі антырасейскія санкцыі Эўразьвязу і па-ранейшаму адгружаюць рыбную прадукцыю ў Расею: на долю гэтай дробнай тэрыторыі прыпадае траціна ўсіх такіх паставак.

Торсгаўн. Суднарамонтны завод

Хворыя на футбол, хоць маглі ганяць шайбу

Падарожнічаючы па выспах, зьвяртаеш увагу, чым па-сапраўднаму апантаныя людзі. Гэта футбол. Якая б малалікая ні была вёска, абавязкова там будзе калі не паўнавартасны стадыён, дык поле для міні-футболу. А ў гарадках з тысячным насельніцтвам пляцовак 5–6, прычым якасьці газону пазайздросьцяць прафэсійныя беларускія клюбы.

Фарэрскі футбол аматарскі па сваёй сутнасьці, але не ў падыходах да справы. Зноў жа, выяўляецца дух вікінгаў, якія гатовыя біцца і ў дождж, і ў сьнег, і ў штармавы вецер. Нездарма каманды чэмпіянату маюць назвы паганскіх багоў, а галоўная арэна «Тошвэдлюр» (Tórsvøllur) у сталіцы перакладаецца як «Поле бога Тора». Дарэчы, зьмяшчае яна амаль 8 тысяч гледачоў, 15% усяго насельніцтва.

Галоўны стадыён «Тошвэдлюр»

Адданасьць гульні № 1 не засталася незаўважанай: 30 гадоў таму Фарэры атрымалі статус чальца ФІФА і права выступаць пад сваім сьцягам. У структуры мясцовай фэдэрацыі футболу чатыры паўнавартасныя дывізіёны: тры першыя — па 10 клюбаў, найніжэйшы — 3 групы па 6 удзельнікаў. Натуральна, ёсьць юнацкая, юніёрская, моладзевая і нацыянальная зборныя. Разьвіваецца жаночы футбол: дзьве лігі плюс галоўная каманда і юнацкая U19. Нагадаю, гаворка не пра мільённыя чалавечыя рэсурсы, а пра 50-тысячны паўночны архіпэляг, дзе, здавалася б, лягічней разьвіваць хакей.

Гульцоў, якія б зараблялі толькі любімым заняткам, няма: хтосьці заняты на рыбзаводзе, хтосьці пасьвіць авечкі, хтосьці кіруе аўтобусам, хтосьці ахоўнік у пустой турме — паводле штату «паложана».

Трэніровачнае поле ў Міўаўары

Папярэдні прэм’ер-міністар Кай Лео Юганэсэн быў запасным брамнікам у паядынку, эпахальным для ўсёй аўтаноміі. 12 верасьня 1990 году ў першым афіцыйным матчы пад эгідай УЭФА «пастухі» абыгралі Аўстрыю (1:0). Нацыянальныя героі і распачалі футбольны бум. Потым былі перамогі над раўнёй з Латвіі, Літвы, Люксэмбургу, Мальты, Эстоніі, моладзевая каманда прымусіла капітуляваць «вялікую Расею». А кульмінацыяй сталі дзьве вікторыі ў рамках Эўра-2016 над чэмпіёнам Эўропы — зборнай Грэцыі.

Лёзунг фарэрскіх футбалістаў хоць не мудрагелісты, але перадае асноўную сутнасьць: «Стаўся да футболу так, як хочаш, каб ён ставіўся да цябе».

Вадаспад у вёсцы Ґасадалюр (Gásadalur)

Эмацыйнае выпрабаваньне на прыродную веліч

На Фарэры варта ехаць перадусім дзеля таго, каб адчуць велічнасьць прыроды. Аматарам лянівага марскога адпачынку тут рабіць няма чаго: паняцьця «купальнага сэзону» не існуе, на «пляжах» з чорным вульканічным пяском можна хіба ўзірацца ў гарызонт. Максымальная тэмпэратура вады ў жніўні — 10 градусаў, паветра праграваецца да 15.

Кожная з 18 выспаў унікальная па-свойму, але сапраўдны дыямэнт — Мічынэс, скальны пляцдарм плошчай 10 квадратных кілямэтраў. Тройчы на тыдзень сюды лятае верталёт, у суднаходны сэзон — з траўня па кастрычнік — ходзіць паром (астатні час акіян штарміць). Тут няма аўтамабільных дарог, два дзясяткі жыхароў маюць міні-трактары. Усё завозіцца зь «вялікай зямлі» — суседняга Воара.

Мічынэс абмываецца акіянам

Як і ў іншых месцах, звышкамфортна сябе адчуваюць авечкі — з шыкоўнай поўсьцю, ганарыстыя. Сваімі разумнымі вачыма яны сустракаюць усюды, у тым ліку на найвышэйшым пункце выспы, дзе больш за 100 гадоў таму паставілі маяк. Гэта заходні «край зямлі», за ім — толькі бездань з шумнымі бурунамі.

Тут рай для разнастайных крылатых. Візытоўка Мічынэса — ту́пік (іншая назва — пафін), сумесь пінгвіна з папугаем. Некалі іх калёніі вымяраліся сотнямі тысяч, з распаўсюдам цывілізацыі пагалоўе зьменшылася. Пры гэтым ня факт, што «марскога папугая» наогул пашчасьціць сустрэць: уся калёнія можна стаць на крыло і адляцець у Ісьляндыю.

Фігурка ту́піка — найлепшы сувэнір з Фарэраў

Проста да стромых схілаў прыклейваюць мноствы сваіх гнёздаў крыклівыя чайкі — скалы ў літаральным сэнсе белыя ад прадуктаў іхнай жыцьцядзейнасьці. Ну, і гармідар адпаведны — сапраўдны марскі базар.

Асобна ад гістэрычных суседзяў гняздуюцца паўночныя олушы. Іх можна добра разгледзець зьверху цясьніны: прыгожыя птушкі з двухмэтровым размахам крылаў як камікадзэ кідаюцца з карнізаў, іх тут жа падхоплівае парыў ветру, рэзка ўздымаючы да горных вяршыняў. Дрэнныя хадуны, яны выдатна выкарыстоўваюць энэргію мясцовай стыхіі.

Гняздоўе паўночных олушаў

«Неверагодна!» Першае, што прыходзіць у галаву, калі ўглядаесься ў бяскрайнія віды, што адкрываюцца з чарговай прадзіманай вяршыні.

Нездарма гэты закінуты куток сьвету прыглянуўся нават вікінгам. Загартаваныя суровымі пэйзажамі Скандынавіі, і яны ня здолелі ўстаяць перад велічнасьцю мясцовай прыроды: стромымі горнымі сьценамі, унутранымі азёрамі над узроўнем мора, надводнымі базальтавымі пікамі ды бурнымі вадаспадамі.

Скала пад назвай «Палец жонкі троля»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі культ асобы не раздражняе. Кароль-спэцназавец, які ў захапленьні ад беларускіх «танкаў»