Эўразьвяз пакінуў Жадобіна ў санкцыйным сьпісе і пасьля адстаўкі

Юры Жадобін

Рада Эўразьвязу знайшла новыя прычыны, згодна зь якімі яна пакідае ў санкцыйным сьпісе былога міністра абароны Беларусі Юрыя Жадобіна.

Пра гэта паведамляе 17 сакавіка Афіцыйны часопіс ЭЗ.

«Рада ЭЗ мае намер падтрымліваць абмежавальныя захады адносна гэтай асобы з новых прычын», — гаворыцца ў апублікаваным дакумэнце.

Да 31 сакавіка 2015 году Жадобін можа накіраваць запыт у Раду ЭЗ, каб атрымаць тлумачэньні адносна гэтых новых прычын.

Лукашэнка вызваліў Жадобіна ад пасады міністра абароны і звольніў у запас па ўзросьце ўказам ад 25 лістапада мінулага году.

Юры Жадобін узначальваў Міністэрства абароны са сьнежня 2009 году. Таксама займаў пасаду дзяржсакратара Савету бясьпекі, быў старшынём КДБ і кіраўніком Службы бясьпекі прэзыдэнта.

Чым цяпер займаецца Жадобін? У прэс-службе Міністэрства абароны на гэтае пытаньне карэспандэнту Свабоды не адказалі.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін не выключае, што ўлады неяк выкарыстоўваюць адстаўнога міністра:

Аляксандар Алесін

«Сказаць цяжка, чым ён цяпер займаецца і якую пасаду мае, бо афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Ён у запасе з захаваньнем усіх прывілеяў. Звычайна такія людзі займаюцца выкананьнем адмысловых даручэньняў прэзыдэнта, магчыма, у справе прасоўваньня прадукцыі спэцпрызначэньня на рынках блізкіх нам дзяржаў. Нашы кантакты тут ляжаць у Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Лацінскай Амэрыцы і так далей. Навошта яму езьдзіць у краіны ЭЗ? Я думаю, што здароўе ў яго добрае, вопыт вялікі, і яго выкарыстоўваюць».

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што толькі сам Жадобін зможа даведацца аб прычынах, дзеля якіх ён застаецца ў санкцыйным сьпісе:

Дзяніс Мельянцоў

«Калі выносілі частку людзей пасьля вызваленьня Алеся Бяляцкага летась з гэтага сьпісу, то было відавочна, што іх выносілі, бо яны спынілі працу на тых пасадах, дзе яны рабілі, паводле ЭЗ, нейкія правапарушэньні. Не выключаю, што зь беларускага боку быў афіцыйны запыт альбо прыватны запыт самога Жадобіна, каб яго таксама вынесьлі з „чорнага сьпісу“, бо ён пайшоў на пэнсію. Але Жадобін — былы міністар абароны, займаў іншыя высокія пасады, таму, магчыма, яго вырашылі пакінуць у сьпісе. Бо мера яго адказнасьці за парушэньне правоў чалавека і прыцясьненьне дэмакратычнай супольнасьці — вышэйшая».

Санкцыі ЭЗ адносна Беларусі, якія ўключаюць у сябе эмбарга на пастаўкі ўзбраеньняў і «абсталяваньня для ўнутраных рэпрэсіяў», а таксама замарожваньне рахункаў і забарону на ўезд на тэрыторыю ЭЗ для фізычных асобаў, былі адноўленыя пасьля жорсткага разгону дэманстрацыі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Пасьля санкцыі неаднаразова пераглядаліся: «чорны сьпіс» папаўняўся новымі прозьвішчамі, а некаторыя зь яго выключаліся. Цяпер у сьпісе асобаў, якія ня могуць уехаць на тэрыторыю ЭЗ і чые фінансавыя сродкі ў ЭЗ замарожаныя, 225 прозьвішчаў. Акрамя таго, санкцыі працягваюць дзейнічаць адносна 25 беларускіх прадпрыемстваў.

На самым пачатку ў санкцыйны сьпіс ЭЗ уваходзілі ўсяго чатыры чыноўнікі, якія, на думку ЭЗ, датычныя да зьнікненьня ў Беларусі апазыцыйных палітыкаў — Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта), Юры Сівакоў (кіраўнік МУС), Дзьмітры Паўлічэнка (камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС).