«Гэта ўсё ад блогераў». Як пад Лідай зьліваюць каналізацыйныя сьцёкі ў раку. ФОТА. ВІДЭА

Сяргей Пантус каля трубы з ачышчальных збудаваньняў лідзкай ЖКГ

Ваколіцы Ліды на Горадзеншчыне сьмярдзяць нечыстотамі, на рэчцы Дзітве паздыхала рыба, сотні кіляграмаў; вада стала брудная, з плямамі. Камунальнікі зьбіраюць нараду за нарадай. Але людзям тлумачаць, што паміж дохлай рыбай, брудам і смуродам ня варта шукаць прычынна-выніковыя сувязі, бо галоўная прычына — сьпёка.

Увагу да праблемы прыцягнулі лідзкія актывісты. Яны публікавалі фота і відэа з ракі, ладзілі акцыі з плякатамі пра здарэньне. Праз тыдзень пасьля масавага мору рыбы па лідзкай тэлевізіі параілі пакуль не купацца ў Дзітве. На восьмы дзень аналіз пробаў паказаў, што ваду забрудзіла лідзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка. Некаторых актывістаў ужо аштрафавалі за акцыі.

Рыбакі дасталі з вады мінімум 200 кіляграмаў дохлай гнілой рыбы

Усё пачалося 11 чэрвеня, калі мясцовыя жыхары ўбачылі процьму дохлай рыбы ў рацэ Дзітве ў раёне вёскі Даржы́ за 16 кілямэтраў ад Ліды. Кажуць, што толькі ў адным месцы рыбакі дасталі з вады, каб не забруджвала рэчку, 200 кіляграмаў гнілой рыбы. Вяскоўцы сказалі актывістам, што знайшлі цэлую сямʼю дохлых баброў.

Дохлая рыба ўздоўж берагоў Дзітвы. Фота Сяргея Пантуса

Актывісты зь Лідзкага раёну паехалі шукаць прычыны. Каля вёскі Шырокае, якая пачынаецца адразу за Лідай, вяскоўцы паказалі трубу, зь якой льюцца брудныя сьцёкі. На шэрай вадзе — пена і чорныя плямы невядомага паходжаньня. Моцна сьмярдзіць каналізацыяй. Труба ідзе ад ачышчальных збудаваньняў лідзкага ЖКГ. Бруд цячэ ўжо 10 дзён. Так доўга — упершыню.

На вадзе — пена і чорныя плямы

Пэнсіянэрка Леаніда Мікалаеўна жыве ў вёсцы Шырокае каля 20 гадоў. Кажа, што смурод непакоіць апошнія 7–8 гадоў, раней дык не было чым дыхаць. Праўда, пасьля рэканструкцыі ачышчальных пабудоваў сытуацыя палепшылася. Аднак, паводле яе, нядаўна зноў пачало моцна сьмярдзець.

Леаніда Мікалаеўна зь вёскі Шырокае

Вёска Шырокая — адразу за Лідай, за некалькі сотняў мэтраў ад той самай трубы

«Я нават прачнулася ад паху», — кажа Леаніда Мікалаеўна.

75-гадовая спадарыня Соф'я зь вёскі Гарні зазначае, што смурод чуваць пэрыядычна.

Спадарыня Сафія зь вёскі Гарні́

«Часам пахне. Я з вэранды выйду — і смурод. Дык гэта ж кілямэтар хіба адтуль, ад канавы», — кажа жанчына.

Ад трубы, зь якой ідуць брудныя сьцёкі, па ручаі да Дзітвы 5 кілямэтраў. Яшчэ праз 25 кілямэтраў Дзітва ўпадае ў Нёман.

Вышэй па цячэньні Дзітвы відаць дно і цьвітуць гарлачыкі

У месцы ўпадзеньня ручая ў Дзітву — выразны падзел на чыстую і брудную ваду

У месцы ўпадзеньня ручая ў Дзітву відаць, як у празрыстую раку з гарлачыкамі, пясчаным дном і рыбкамі цячэ цёмны паток.

Тое самае і пры ўпадзеньні Дзітвы ў Нёман.

«Гэта мае рыбацкія мясьціны ў юнацтве і дзяцінстве. Там заўсёды дно было празрыстае, вада халодная, крынічная. Цяпер таксама цячэ шэры бруд і ў Нёман», — распавядае пра месца ўпадзеньня Дзітвы ў Нёман актывіст зь Бярозаўкі Сяргей Пантус.

Водаканал: «Ніякай аварыйнай сытуацыі не было»

У працоўных кабінэтах камунальнікаў толькі і размоваў, што пра Дзітву. Зьбіраюцца паседжаньні надзвычайнай камісіі. То там, то тут гучыць незадаволенасьць «гэтымі блогерамі», якія паднялі праблему. Кажуць, адной з супрацоўніц нават стала кепска ад перажываньняў, дык давялося выклікаць «хуткую». Але доўгі час афіцыйна на Дзітве было «ўсё ў парадку».

Лідзкая ЖКГ

Намесьнік дырэктара лідзкага «Водаканалу», які ўваходзіць у структуру ЖКГ, Ігар Аляшкоўскі яшчэ 19 чэрвеня (на дзявяты дзень ад першага паведамленьня пра бруд) запэўніваў, што ў ваду нічога шкоднага не зьлівалі.

Афіцыйна на Дзітве доўгі час «усё было ў парадку»

«Ачышчальныя збудаваньні працуюць стабільна, ніякіх зьліваў, ніякай аварыйнай сытуацыі на гарадзкіх ачышчальных збудаваньнях не было... Ніякіх мёртвых рыбаў у месцы адбору пробаў каля калектара не назіралася, не было ніякіх выкідаў, нічога не было... Мы нават бачылі жывога бабра», — кажа Ігар Аляшкоўскі.

Па ягоных словах, мор рыбы здарыўся ў сувязі з аранжавым узроўнем небясьпекі па ўсёй Беларусі, з прычыны высокіх тэмпэратур. На ягоную думку, сваю ролю адыгралі тутэйшыя тарфянікі, якія спрыялі зьмяншэньню ўзроўню кіслароду ў вадзе, і цьвіценьне водарасьцяў.

Камітэт аховы прыроды: раку забрудзіла лідзкая ЖКГ

Адразу, 11 чэрвеня, службы прыродааховы ўзялі пробы вады. Аналіз робіцца тыдзень. Цягам гэтага часу людзям не казалі пра магчымае забруджваньне.

Начальнік аддзелу кантролю за аховай і выкарыстаньнем атмасфэрнага паветра і водных рэсурсаў Горадзенскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Натальля Гульніцкая паведаміла, што пробы вады на выхадзе з ачышчальных збудаваньняў Лідзкай ЖКГ паказалі перавышэньні дапушчальных канцэнтрацый шэрагу рэчываў, у тым ліку фосфару і азоту. Гэта забрудзіла раку.

Ручай, які нясе брудныя воды ад ачышчальных збудаваньняў у Дзітву

Да таго ж, па словах Гульніцкай, перамерлі бактэрыі (або актыўны глей), якія перапрацоўваюць нечыстоты ў ачышчальных збудаваньнях. Менавіта яны паўтваралі на рацэ чорныя плямы.

Аднак супрацоўніца камітэту прыродных рэсурсаў патлумачыла, што пакуль нельга зьвязваць мор рыбы з забруджваньнем. Рыба паздыхала ад недахопу кіслароду, узровень якога быў у 20 разоў ніжэйшы за дапушчальны мінімум. Чаму так адбылося, высьвятляе лідзкая міжраённая інспэкцыя жывёльнага і расьліннага сьвету. Яны ж падлічваюць нанесеную прыродзе шкоду.

На рацэ Дзітве няма абсталяваных зонаў адпачынку, таму людзей не папярэджвалі пра забруджваньне — хоць фактычна людзі там купаюцца.

Ці можна купацца ў Нёмане, у Горадзенскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі праз тэлефон даведацца не ўдалося. Як паведамляе тэлеканал «Гродно плюс», купацца ў Нёмане можна.

Актывісты выйшлі на вуліцы з плякатамі аб атручваньні ракі

Каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці, актывісты з Горадзеншчыны пісалі пра праблему ў сацыяльных сетках. Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус прыйшлі на прыступкі лідзкага райвыканкаму з плякатам «Мёртвая Дзітва». Горадзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон вывесіў на Старым мосьце ў Горадні расьцяжку «Нёман атручаны лідзкай ЖКГ».

Супрон кажа, што разам з малым сынам купаўся ў Дзітве, пасьля гэтага і дзіця захварэла, і сам ён адчуваў сябе кепска.

Вітольда Ашурка і Сяргея Пантуса лідзкі суд аштрафаваў кожнага на 255 рублёў (10 базавых) 20 чэрвеня. Мечыславу Супрону прыйшла позва на размову ў міліцыю.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 заўзятых рыбачак пра сакрэты добрага ўлову і найвялікшыя дасягненьні

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ай-Паўэр» пракамэнтавала словы кіраўніка Берасьця пра гемарой і 340 кіляграмаў сьвінцу