Юрыст пра «расьсьледаваньне» Лукашэнкі: «Галоўнае, каб ня ўмешваўся ў справы суду»

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз Андрэем Шведам заявіў, што «дзякуючы ягонаму ўдзелу» ўдалося раскрыць забойства.

Паводле Лукашэнкі, да яго зьвярнуліся простыя людзі з Магілёўскай вобласьці, бацькі забітай у 2009 годзе. Лукашэнка папрасіў даслаць матэрыялы і апэратыўна вырашыў праблему.

«Я сеў і сам за суткі ўсё вывучыў. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ расьсьледаваць гэтую крымінальную справу. Нягодніка знайшлі ў Расеі, прывезьлі ў Менск. І аказалася, што ён забойца. А яго фактычна апраўдалі», — казаў.

Вынесены ў лютым 2010 году апраўдальны прысуд Магілёўскага абласнога суду аб забойстве жанчыны цяпер адменены, справа накіраваная на паўторны разгляд Вярхоўны суд.

У Вярхоўным судзе ад камэнтароў Свабодзе адмовіліся — як і ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці. Афіцыйная прадстаўніца Аксана Салянюк сказала, што справа расьсьледавалася ў 2009-2010 гадах, калі Сьледчага камітэту яшчэ не было. І параіла зьвяртацца ў Вярхоўны суд.

Ці прэзыдэнцкая гэта справа — «раскрываць злачынствы»?

Прэзыдэнцкае «расьсьледаваньне» пракамэнтаваў юрыст, праваабаронца Павал Сапелка.

Павал Сапелка, архіўнае фота

«Хоча — хай займаецца, што мы можам супрацьпаставіць? — гаворыць экспэрт. — Галоўнае, каб не пачаў уплываць на судовую ўладу. Я ня ведаю пра дэталі, але добра, што яшчэ не пайшоў і не скасаваў сам прысуд. Нешта расьсьледаваў, потым былі ўключаныя прававыя мэханізмы, адноўлена справа па новых абставінах. Як разумею, цяпер справа будзе разглядацца ў судзе. Паўтаруся, асноўнае, каб не дадумаўся ўплываць на сам суд, а там ужо можа рабіць што заўгодна. Тайм-мэнэджмэнтам ягоным не займаюся».

Лукашэнка паабяцаў, што цяпер «з-пад зямлі дастанем тых, хто вёў сьледзтва, хто выносіў апраўдальны прысуд». Але ці прэзыдэнцкая гэта справа — замяняць сабой сьледчыя ды пракурорскія структуры?

Калі мае імпэт — няхай сабе крымінальныя справы раскрывае, можа наогул сябе ў гэтым знойдзе, здарыцца тое, чаго так доўга чакаюць
Сапелка пра Лукашэнку

«Ці прэзыдэнцкая — гэта ня мне ацэньваць, ён вырашыў, што ягоная... — разважае Сапелка. — Калі мае імпэт — няхай сабе крымінальныя справы раскрывае, можа наогул сябе ў гэтым знойдзе, здарыцца тое, чаго так доўга чакаюць. Той выпадак, калі ад іншых мала што залежыць».

Судзьдзя, якая разглядала крымінальную справу, у размове з журналістам TUT.BY сказала, што праваахоўныя органы разьбяруцца, хто вінаваты, а хто не. І калі новыя акалічнасьці, якія адкрыліся, «дапамогуць знайсьці злачынцу і асудзіць, гэта будзе правільна».

Спачатку экстрадавалі, потым аднавілі справу?

Барыс Бухель

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, аналізуючы беспрэцэдэнтную гісторыю, кажа: немагчыма ўявіць, каб прэзыдэнт займаўся тым, чым займаецца некалькі сілавых структураў — ад Сьледчага камітэту да пракуратуры.

Гэтым, на перакананьне адмыслоўца, папросту дэклясаваная сыстэму расьсьледаваньняў злачынстваў у краіне. Ён зьвяртае ўвагу, што, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі, ніхто ня мае права ўмешвацца ў працу сьледчага або ціснуць на яго.

Таксама выклікае пытаньне заява Лукашэнкі пра дастаўку абвінавачанага ў Беларусь.

«Магчыма, ён проста абмовіўся ці журналісты ня так перадалі яго словы, — цытуе праваабаронцу сайт «Магілёў-онлайн». — Але зьвярніце ўвагу: „нягодніка знайшлі ў Расеі, прывезьлі ў Менску“ і толькі потым распачалі крымінальную справу, што зьяўляецца безумоўным парушэньнем. Да таго ж, Лукашэнка спачатку называе чалавека забойцам, які сам ва ўсім прызнаўся. А потым кажа, што справа знаходзіцца ў судзе. Дык калі ў судзе, якое права прэзыдэнт мае права называць чалавека забойцам?»

Бухель лічыць, што ў спробе пахваліцца Лукашэнка нанёс шкоду ўсёй судовай і сьледчай сыстэме — ужо зараз зразумела, як будзе разглядацца справа пасьля падобнай трактоўкі з боку вышэйшай асобы.

Спачатку Лукашэнка кажа, што людзей ужо затрымалі, потым пачынаюцца затрыманьні

Гэта ня першы выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка расказвае пра крымінальныя справы. Але здараліся нестыкоўкі ў часе.

Так, у «справе патрыётаў» спачатку Лукашэнка заявіў пра «затрыманьне дзясяткаў баевікоў» і выкрыцьцё «лягераў баевікоў» у Беларусі і за мяжой, і толькі пасьля заявы Лукашэнкі людзей пачалі затрымліваць. Але справа аказалася фэйкавай, затрыманых вызвалілі.

Падобнае было са справай ашмянскіх мытнікаў. Cпачатку Лукашэнка заявіў пра выяўленьне злачынцаў, потым пачаліся затрыманьні.