«Даходы зьменшыліся ўдвая: у краіне адбываецца нешта незразумелае» — апытаньне ў Магілёве

«Як зьмяніліся даходы вашай сям’і з пачатку году — вырасьлі ці зьнізіліся? З чым вы гэта зьвязваеце?» Адказвалі жыхары Магілёва.

Your browser doesn’t support HTML5

«Як зьмяніліся даходы вашай сям’і з пачатку году — вырасьлі ці зьнізіліся?» Адказваюць магілёўцы

Спадарыня: «Зьменшыліся. Я ў дэкрэтным адпачынку. Дапамогу на другое дзіця павялічылі, а заробак у мужа ўпаў. Працуе ў будаўнічай арганізацыі, там працы меней цяпер. Заробак зьменшыўся напалову».

Спадар: «Адназначна зьменшыліся ў два разы. Няма працы нармальнай. Працую нелегальна. Незразумелае нешта ў краіне адбываецца».

Спадарыня: «У мяне павялічыліся. Проста адчуваньне гэтага павелічэньня не настолькі радуе. Цэны ж вырасьлі, і намнога. Квартплата вырасла. Складаней жыць стала. Але ў нас і бульба, і морква, і буракі свае ёсьць — гэта ўсё дапамагае».

Спадарыня сталага веку: «Зразумела, меншыя сталі. Я на пэнсіі, дык як было ўсё, гэтак і засталося. Вядома ж, растуць цэны, бо даляр жа расьце. Абстаноўка такая цяпер у краіне... Можа, мы Ўкраіне дапамагаем — а як ёй не дапамагчы?»

Маладая спадарыня: «Цяпер маладым мамам, як я, дужа цяжка знайсьці працу. Скасавалі дапамогу дзіцяці да трох гадоў. Даводзіцца выкручвацца пакуль на адну мужаву зарплату. Значна зьменшыліся даходы. Яны ж прыціснулі прадпрымальнікаў. І цэны вырасьлі».

Маладая спадарыня: «На дадзены момант я не працую. Шукаю працу. Адукацыяў некалькі штук. У цэнтры занятасьці стаю на ўліку, але не магу знайсьці. Там такія вакансіі, што незразумела, навошта трэба было столькі вучыцца, каб невядома кім працаваць. Сем з паловай гадоў вучылася — дзьве вышэйшыя адукацыі, курсы — і куды гэта ўсё падзець?»

Спадар: «Зьменшыліся. Заробкі пазьмяншалі працэнтаў на 30–40. Наша эканоміка шмат у чым залежыць ад расейскай. А ў Расеі цяпер праблемы, цяжкасьці. Таму яны і ў нас».

Спадарыня сталага веку: «Я на пэнсіі. Яна якая была, гэткая і засталася. Я адна жыву, дык хапае. На харчы цэны дужа растуць. За кватэру з сакавіка вырастуць. Трыста тысяч рублёў плачу за дзьвюхпакаёвую. Лекі дужа дарагія. Вось каб у паліклініку не хадзіць, дык хапала б на ўсё. А вось калі ходзіш, то і не хапае, можна сказаць».

Спадарыня: «Засталіся тыя самыя. Заробкі ж тыя. Цэны па патрэбнасьці ўзрасьлі. Значна ўзрасьлі. Калі раней грошы маглі адкласьці, то цяпер нічога ня можам. Гэта палітыкі нашы нешта круцяць-муцяць. Мо гэта ўсё з далярам зьвязана? Ня ведаю».

Спадарыня сталага веку: «На тым жа ўзроўні засталіся. У мяне і пэнсія, і праца, дык мне хапае. Цэны ж растуць штодня».