У Чорным моры на борце нафтавага танкера зь «ценевага флёту», які рухаўся з Расеі, адбыўся выбух

Танкер Altura, архіўнае фота

Папярэдняй прычынай выбуху назвалі атаку морскага бесьпілётніка.

У Чорным моры ў ноч на 26 сакавіка адбыўся выбух на борце нафтавага танкера Altura, які рухаўся з Расеі і належыць турэцкай кампаніі.

Паводле турэцкіх мэдыя, выбух на танкеры адбыўся, калі ён быў прыкладна за 25 кілямэтраў ад праліву Басфор. Вадаплаў накіроўваўся з Новарасійску ў Стамбул пад сьцягам Сьера-Леонэ. Сьцьвярджаюць, што выбухам былі пашкоджаныя кабіна стырнавога і машыннае аддзяленьне, у спод пачала пранікаць вада.

Да танкера накіравалі выратавальны карабель. Паведамляюць, што на борце каманда з 27 чалавек — грамадзян Турэччыны. Аб пацярпелых не паведамлялі.

Турэцкія мэдыя пішуць, што Altura перавозіла 140 тысяч тон нафты. Карабель знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ і Вялікай Брытаніі, а таксама Ўкраіны. Лёндан уключыў танкер у санкцыйны сьпіс 24 лютага 2026 году разам зь іншымі танкерамі «ценевага флёту» — вадаплавамі, што перавозяць расейскую нафту пад сьцягамі трэціх краін.

Раней украінскія морскія бесьпілётнікі атакавалі танкеры або газавозы «ценевага флёту» як у Чорным, так і ў Міжземным моры. Украіна пакуль не камэнтавала сытуацыю з танкерам Altura.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: удары вывелі з ладу 40% магутнасьцяў Расеі ў экспарце нафты